На цэнтральных вуліцах Гродна з’явіліся незвычайныя пешаходныя пераходы

12 мая 2018

Тэатральная маска, сляды ад танка і надпіс "Вітаем". На цэнтральных вуліцах Гродна з’явіліся незвычайныя пешаходныя пераходы. Новы фармат дарожнай разметкі - гэта сумесны праект студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта і Дзяржаўтаінспекцыі. Яго галоўная задача - прыцягнуць увагу да праблемы пешаходнага траўматызму і падштурхнуць гараджан і гасцей Гродна пераходзіць вуліцу толькі ў вызначаным месцы. Нанясенне не зусім звычайных надпісаў і малюнкаў замест традыцыйнай зебры, па словах спецыялістаў, не супярэчыць правілам дарожнага руху. Для новай разметкі былі абраны знакавыя месцы абласнога цэнтра. Так, надпіс "Вітаем" з’явіўся на пешаходных пераходах каля аўта- і чыгуначнага вакзалаў. Сляды ад гусеніц танка ўпрыгожылі падыходы да Кургана Славы і музея баявой тэхнікі. На вуліцах, якія вядуць да драматычнага тэатра, пешаходаў сустракае малюнак тэатральнай маскі.

Яшчэ адзін немалаважны аспект крэатыўнай дарожнай разметкі – павелічэнне турыстычнай прывабнасці Гродна. Тым больш што колькасць замежных гасцей у горадзе пастаянна павялічваецца. Спрыяе гэтаму бязвізавы ў’езд у рэгіён. Зараз аўтары праекта вывучаюць меркаванні гараджан наконт новых пешаходных пераходаў. Калі водзывы будуць станоўчымі, новыя малюнкі з’явяцца на ўсіх галоўных вуліцах абласнога цэнтра. Ужо распрацавана каля сотні новых эскізаў.