На палях вёскі Цяхцін Бялыніцкага раёна вырошчваюць жэньшэнь

10 сентября 2016

Сёлета ў Магілёўскай вобласці аграрыі чакаюць ураджай большы за леташні. Самыя вялікія плошчы занятыя пад капусту, буракі, моркву і цыбулю. Растуць на палях рэгіёна і эксперыментальныя культуры: баклажаны ў кіраўскім "Світанку", а памідоры чэры - у Горацкім раёне. А яшчэ ў Магілёўскай вобласці вырошчваюць жэньшэнь і бружмель.

Рэпартаж Крысціны Каранкевіч. На палях вёскі Цяхцін Бялыніцкага раёна жэньшэнь вырошчваюць чацвёрты год. Спецыяльна для гэтай культуры пабудавалі незвычайны парнік з прарэхамі: у дождж пад ім не схаваешся, у спякоту не абаронішся ад сонца. Але менавіта такі мікраклімат ідэальны для расліны.

Гэтая плантацыя жэньшэню ў Беларусі - адзіная, так што многае даводзілася рабіць на сваю рызыку, эксперыментаваць, але ў выніку ўсё атрымалася. Хутка знімуць першы ўраджай гаючага кораня. Пакуль плануюць рэалізаваць абмежаваную партыю. І самае галоўнае, сабраць пасадачны матэрыял - насенне.

А ў гэтай фермерскай гаспадарцы ў Клічаўскім раёне экзатычная для Беларусі ягада - бружмель - расце пасярод вялікага поля. На кустах усталяваны спецыяльныя датчыкі, якія дапамагаюць назіраць за развіццём раслін.

Ёсць ад такога эксперымента і экалагічная выгада. Бружмель садзяць на выпрацаваных тарфяніках.

На гэтым жа полі разам з бружмелем фермер Казімір Грасевіч пасадзіў таматы. І вынік перавысіў усе чаканні. З мінімальнай апрацоўкай таматы лепшыя, чым у цяпліцы.

Вельмі добра ў гаспадарцы выраслі сёлета морква і асабліва капуста - 120 тон з гектара. А ў наступным годзе фермер збіраецца пашыраць эксперыментальныя плошчы і высадзіць палявыя таматы ўжо на некалькіх гектарах.