На тыдні ў Брэсце павіншавалі жанчын, якія 7 студзеня сталі мамамі

12 января 2019

Самы лепшы падарунак на свята Божага Нараджэння - папаўненне ў сям'і! На тыдні ў Брэсце павіншавалі жанчын, якія 7 студзеня сталі мамамі. Паводле традыцыі некалькі гадоў прадстаўнікі Брэсцкай епархіі наведваюць і благаслаўляюць нованароджаных. Усяго ў светлае свята ў абласным раддоме на свет з'явіліся 9 немаўлят: 5 дзяўчат і 4 хлопчыкі. Усе мамы атрымалі памятныя падарункі. І як прызналіся самі бацькі, для іх самы вялікі цуд у новым годзе ўжо адбыўся.

Пачатак года ў Брэсцкім абласным радзільным доме можна назваць дзявочым. Так, за тыдзень 2019 года тут на свет з'явіліся 88 дзяцей, і толькі трэць з іх - хлопчыкі. Рэгіён па-ранейшаму трымае планку лідара ў краіне па колькасці родаў, пасля сталіцы. Летась тут нарадзіліся больш як пяць з паловай тысяч дзетак.