На тыдні “Полымя міру” пранеслі па розных раёнах Віцебскай вобласці

1 июня 2019

Эстафета агню “Полымя міру” працягваецца ў нашай краіне. Зараз у маршруце факеланосцаў самыя знакавыя месцы Магілёўскай вобласці. А да гэтага сімвал ІІ Еўрапейскіх гульняў сустракалі ў паўночным рэгіёне. Стартавала эстафета ў Віцебску і на працягу амаль тыдня факел пранеслі па розных раёнах вобласці. 

Марына Раманоўская дасканала вывучыла маршрут.  Эстафета агню стала для жыхароў і абласнога цэнтра, і райцэнтраў, і невялікіх вёсак сапраўдным святам. Факел перапраўлялі на драўляным дракары па Заходняй Дзвіне, перавозілі на спецыяльнай тэхніцы па балоце Ельня, праносілі экамаршрутам Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Больш падрабязна ў рэпартажы.  Жыхары абласнога цэнтра ведаюць: усе знакавыя падзеі, якія адбываюцца ў Віцебску, абавязкова суправаджае дождж. Сустрэча агню выключэннем не стала – эстафета праходзіла пад парасонамі. Аднак нават лівень не змог сапсаваць агульны святочны настрой. 

Факел запальваюць ад лампады, якая ніколі не гасне. За яе адказвае спецыяльная група захавальнікаў. А далей усё ў руках факеланосцаў. Сярод іх знакамітыя спартсмены, урачы, работнікі прамысловых прадпрыемстваў, педагогі. У аснове маршруту па старажытным Полацку - турыстычная карта. Перадача факела адбывалася ў самых знакавых месцах горада. 

Маршрут звязаў адразу некалькі пунктаў Глыбоцкага раёна. Факеланосцаў сустракалі ў самім райцэнтры, а таксама ў вёсцы Мосар, якая, дзякуючы прыгожаму дэндралагічнаму комплексу і знакамітаму касцёлу святой Ганны, прыцягвае турыстаў з усяго свету. Таксама вёска славіцца крыніцамі, вада з якіх лічыцца гаючай. 

Па алеях дэндрасада, які ў 60-ыя быў закладзены на ўездзе ў Глыбокае, агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў пранеслі ўдзельнікі гурту NAVIBAND. Арцём Лук'яненка кажа, што гэта вялікая адказнасць, бо Глыбокае - яго малая радзіма. 

Завяршылася эстафета па паўночным рэгіёне краіны ў Оршы. Факеланосцы пранеслі агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў па вуліцах райцэнтра, пабывалі на вядучых прамысловых прадпрыемствах, віталі жыхароў ля знакавых культурных і спартыўных аб’ектаў.