На Магілёўшчыне афіцыйна стартавала ўборачная кампанія

23 июля 2016

Вобласць стала трэцяй у рэспубліцы, дзе прыступілі да жніва. Надвор’е дазволіла распачаць уборачную раней, чым летась. І ўраджай, мяркуюць аграрыі, сёлета будзе больш за леташні. Не забываюцца аграрыі Магілёўшчыны і пра старадаўнія традыцыі. Так на Кіраўскай зямлі старт жніву далі земляробчым святам “Зажынкі”. Год за годам у адзін з ліпеньскіх дзён вяскоўцы выходзяць на нівы, каб распачаць уборку збожжа. Першы сноп па традыцыі аддаюць гаспадару поля, другі - гаспадару раёна. І вось эстафета ад сярпоў пераходзіць да сучаснай тэхнікі. Першую паласу прайшлі экіпажы, якія летась намалацілі болей за паўтары тысячы тонн збожжа. Дарэчы сёлета ўборка стартавала раней традыцыйнага - надвор’е дазволіла. Да жніва прыступілі ўсе паўднёвыя раёны Магілёўскай вобласці. Тэхніка і зернесушыльныя памяшканні гатовыя, запэўніваюць аграрыі. Збожжавыя і зернебабовыя на Магілёўшчыне трэба ўбраць на плошчы 330 тысяч гектараў.