На аўтадарозе Магілёў – Чэрыкаў - Касцюковічы пачаўся капітальны рамонт

26 ноября 2016

Дарожнікі адновяць 6 кіламетраў трасы на выездзе з абласнога цэнтра. Падчас рамонту рух аўтатранспарту спыняцца не будзе.

Як ідуць работы і калі траса на Магілёў запрацуе ў новым выглядзе - ведае Павел Савіцкі. Адна паласа дарогі часткова перакрыта – тут працуе тэхніка. Дарожнікі знялі стары асфальт, паверхню выраўнялі. І пакуль дазваляе надвор’е, укладваюць новы асфальтабетон.

Р122 - аўтадарога рэспубліканскага значэння і рамонту чакала ўжо даўно. Асабліва ўчастак з 13 па 19 кіламетр. Яго і вырашылі адрамантаваць капітальна. Па інтэнсіўнасці руху гэта траса адна з самых загружаных у вобласці. У пікавы перыяд, асабліва ў летнія выхадныя, за суткі тут праязджае амаль 10 тысяч машын. Цяпер асабліва ажыўлены ўчастак пашыраць і зробяць больш бяспечным.

На абочынах пасля іх умацавання з’явіцца тратуар, па якім змогуць рухацца і веласіпедысты. Будуць уладкаваныя аўтобусныя прыпынкі, у абодвух напрамках іх тут 8. У парадак прывядуць і сумежную лесапаласу. Зімой работы прыпыняцца, але толькі да стабільна плюсавых тэмператур. У новым выглядзе дарога запрацуе ў сярэдзіне будучага лета.

Не менш буйны праект рэалізуецца ў Слаўгарадзе. Тут будуюць новы мост праз раку Сож. Ён звяжа дзве падзеленыя ракой часткі Слаўгарадскага раёна і значна скароціць шлях да суседняга райцэнтра - Краснаполля.