Музей самабытнай культуры ў аграгарадку Блізніца запрашае на інтэрактыўныя экскурсіі

26 мая 2018

Паўсядзённае жыццё і святы нашых продкаў. Музей самабытнай культуры ў аграгарадку Блізніца Полацкага раёна запрашае на інтэрактыўныя экскурсіі. Тут можна даведацца пра рэцэпты старажытных страў і паслухаць аўтэнтычныя песні. Экспазіцыю стварыла мясцовая жыхарка. І кожны экземпляр мае сваю гісторыю.

Якую - ведае Марына Раманоўская. Фальклорны ансамбль "Блізнянка" выконвае аўтэнтычную песню. Раней яе спявалі на Юр’е. У музеі самабытнай культуры кампазіцыя гучыць па-асабліваму мілагучна. Галоўную партыю выконвае Вольга Чобат - кіраўнік калектыву і заснавальніца музея. Цікавую экспазіцыю мясцовай жыхарцы дапамаглі стварыць неабыякавыя людзі з усёй акругі. Яны прэзентавалі для музея рарытэтныя прадметы.

Музей этнаграфіі адкрыўся 14 гадоў таму. Зараз у экспазіцыі некалькі соцень прадметаў. Кожны з іх расказвае пра быт нашых продкаў.

Экспазіцыя аб’яднала прадметы, без якіх не абыходзілася ні адна гаспадыня. Інтэрактыўная экскурсія з парога запрашае ажыццявіць падарожжа ў мінулае. Як і шмат гадоў таму жанчыны завіхаюцца ля печы. І гэта галоўны экспанат. Менавіта з яго і пачалася гісторыя музея. Зараз тут можна даведацца рэцэпты старажытных страў. Дарэчы, многія з іх у аграгарадку і сёння падаюць да стала.

Удзельніцы фальклорнага калектыву ведаюць мноства танцаў. Кракавяк, лявоніха, падэспань. Інтэрактыўная экспазіцыя дзеля падтрымання атмасферы мінулага стагоддзя дазваляе нават прымерыць чаравічкі. Такія раней насілі модніцы. На першы погляд, гумовыя боты - не лепшы варыянт для дыскатэкі. Але гэты абутак з сакрэтам.

Валёнкі, бязмен, грэбень, серп. Усе рэчы маюць сваю гісторыю. Напрыклад, гэты вэлюм раскажа, з якой сям’і была нявеста. Захоўваецца ў музеі і вясельны касцюм. Дарэчы, шлюбныя абрады па старажытным сцэнарыі тут праводзяць і сёння. Сучасныя нявесты нават могуць паспрабаваць саткаць пасаг. Ткацкі станок, якому 300 гадоў, захаваўся выдатна.

Зараз фальклорны калектыў развучвае рэпертуар для Купалля. Свята плануюць адзначыць згодна з традыцыямі нашых продкаў. А дзе знайсці натхненне, у аграгарадку ведаюць.