Моладзевы марафон "75" калясіць па баявых мясцінах Беларусі

22 июня 2019

Моладзевы марафон "75" зрабіў яшчэ адзін крок на шляху да сталічнага рэгіёна. Аўтакалона калясіць па баявых мясцінах Беларусі. Следам за Магілёвам на гэтым тыдні яе сустрэў Гомель. Першым прыпынкам у горадзе над Сожам стала Алея герояў. Затым працу разгарнула мабільная лічбавая лабараторыя. На працягу ўсёй стаянкі гамяльчане неслі туды фота сваіх гераічных прадзедаў. Здымкі вызваліцеляў лягуць на старонкі нацыянальнага фотаальбома. Свет убачыць яго ў Дзень Незалежнасці.

Як ідзе работа над унікальным фотадаведнікам, у Гомелі назірала Ганна Кавалёва. Яркая аўтакалона з важнай місіяй нарэшце ў Гомелі. За плячыма - маршрут з 13 населеных пунктаў. У горадзе над Сожам удзельнікі марафону перш за ўсё паркуюцца на Алеі герояў. Тут усклалі кветкі да манумента і аддалі даніну памяці вызваліцелям Беларусі.

Побач з манументам разгарнулі палотнішча "Беларусь памятае". На ім – сто адзінаццаць прозвішчаў вызваліцеляў. Усе - выхадцы з Гомельскай вобласці. Гэты фрагмент стане часткай рэспубліканскага палотнішча, якое ў Дзень Незалежнасці пранясуць на парадзе ў Мінску.

Галоўны акцэнт праекта - вось гэтая мабільная лічбавая лабараторыя. Менавіта сюды жыхары кожнага новага горада прыносяць фотаздымкі сваіх прадзедаў-вызваліцеляў. Гэтыя матэрыялы стануць асновай нацыянальнага альбома памяці. Пад вокладкай з назвай "Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі" будзе 900 фотаздымкаў. Адзін з іх - партрэт Івана Жалезнякова. Яго фота ў лабараторыю прынесла праўнучка. 10-класніца Маша кажа, звесткі пра дзядулю шукалі ў архівах. Высветлілі, што пахаваны ля Вечнага Агню ў Гомелі. Пры жыцці ён быў падпольшчыкам. Займаўся разведкай, дыверсіямі і падрыўной дзейнасцю. Аднак у 43-м быў раскрыты, пры гэтым застаўся верным Радзіме.

Дарэчы, пазнаёміцца з ваеннай эпохай тут можна было на інтэрактыўных пляцоўках. Выстава рэтратэхнікі, зброі і фатаграфій. Побач – лакацыя, дзе можна напісаць ліст вызваліцелю і згуляць у віктарыну на веданне воінскіх званняў. І ўсё – на фоне флэшмобаў пад гукі франтавых песень.

Моладзевы марафон "75" стартаваў ля стэлы "Мінск - горад-герой" 11 чэрвеня і працягнецца да 3 ліпеня. Гатовы альбом памяці пранясуць на галоўным парадзе краіны ў Дзень Незалежнасці ў Мінску. Затым разам з палотнішчам яго перададуць на захаванне ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.