Маладая сям’я з Пінска змяніла гарадское жыццё на вясковы побыт

26 мая 2018

Усё натуральнае, а зроблена сваімі рукамі! Маладая сям’я з Пінска пераехала ў вёску, змяніла гарадское жыццё на вясковы побыт. Завялі гаспадарку і самі асвоілі рэцэпты даўняга прыгатавання сыроў.

Вікторыя Патоня завітала ў сядзібу на дэгустацыю да сыравараў-аматараў.

У сям'і Кавалевічаў сыр любяць не толькі есці, але і гатаваць. Свежае малако, яшчэ цёплае, соль і энергія рук сыравара! Гэта асноўныя інгрэдыенты, гавораць гаспадары сядзібы. Яшчэ нядаўна жыхары сталіцы Палесся, цяпер – людзі вясковыя. Рэцэпты прыгатавання малочнага прадукту Яўген асвойваў самастойна, з кніг і Інтэрнэту. Праўда, спачатку прыйшлося сапсаваць дзясяткі літраў малака, каб атрымаць чаканы эфект. Малако набываюць у родных, з якімі разлічваюцца гатовым прадуктам. І выкарыстоўваюць даўнія сакрэты продкаў.

Звычайна Яўген сыр варыць уначы, днём працуе інжынерам-механікам на чыгунцы, адказвае за камп’ютарныя сістэмы. Каб атрымаць 1 кілаграм прадукту, неабходна каля 15 літраў малака. Аматар экапрадукту марыць асвоіць рэцэпты камамбера і бры - сыроў з цвіллю, для гурманаў.

Сёння ў спісе сыравараў - 7 відаў мяккіх і цвёрдых сыроў. Ад класічнага сметанковага да чэдара і сулугуні. І паліцы скляпення Яўген плануе пашыраць. Заказы ёсць, і ўжо не толькі ад знаёмых. Галоўнае, каб хапіла энтузіязму і часу на сыраварэнне.

У вёску маладая сям'я пераехала тры гады таму. Купілі ўчастак, старую хату перабудавалі, падворак паступова прыводзяць у парадак, завялі гаспадарку. Кажуць, для дзяцей жыць на прасторы і свежым паветры значна лепш. А іх у Кавалевічаў пакуль трое.

Сям'я Кавалевічаў разумее, што жыццё ў вёсцы няпростае. Галоўнае тут - мець працу. Сваю нішу яны знайшлі і мараць пабудаваць невялікую сыраварню.