Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Раманава заўсёды прытрымліваўся традыцый

9 декабря 2017

Ён змяніў 7 адрасоў, 13 назваў, а вайна адабрала ў яго ўсе экспанаты. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Раманава, нягледзячы на драматычныя старонкі сваёй гісторыі, заўсёды прытрымліваўся традыцый, і гэты шлях доўжыцца ўжо 150 гадоў.

Пра тое, як святкуе юбілей першы музей Магілёўскай вобласці - Андрэй Ястрабаў. Плошча Славы ў Магілёве. Абласному краязнаўчаму музею нібыта самой гісторыяй было наканавана размясціцца тут.

Гандлёвая, Губернатарская, як толькі не называлі гэтую плошчу ў Магілёве. У свой час – адміністрацыйны цэнтр. Напачатку мінулага стагоддзя яе ўпрыгожвалі і Ратуша, і казённая палата, і гарадская ўправа. Тут вырашаўся лёс усёй губерні.

Ды што там губерні - Еўропы! Менавіта ў Магілёве ў разгар Першай сусветнай вайны знаходзілася стаўка галоўнакамандуючага - расійскага імператара Мікалая Другога. Тут ён прымаў замежных генералаў з Англіі, Бельгіі, Францыі. Гэтая відэахроніка цяпер - залаты фонд. Права захоўваць які і атрымаў краязнаўчы музей. Напачатку мінулага стагоддзя яго архіў налічваў звыш 300 тысяч унікальных экспанатаў.


На жаль, Вялікая Айчынная вайна адабрала бадай усе экспанаты. Засталіся - некалькі манет, якія сплавіліся пасля пажару, ды некалькі абразоў рукі знакамітага партрэтыста Баравікоўскага - першая яго спроба малявання на медзі. Такім чынам, музею пасля вайны прыйшлося пачынаць амаль з нуля. Дапамагалі ветэранскія арганізацыі, архівы.

Калекцыя музея папоўніліся і рэдкімі кнігамі. Напрыклад, вось гэтым выданнем магілёўскай друкарні 17-га стагоддзя. Дзе на гравюрах - подпіс аўтара. Пакідаць іх на сваіх творах, дарэчы, пачалі ў той час першымі менавіта беларускія мастакі.

Сёння фонд музея - самы маштабны за яго гісторыю - амаль 320 тысяч экспанатаў. Ад першабытных часоў да сучаснасці. Тут працуе нават цэнтр эксперыментальнай археалогіі, дзе аднаўляюць рэдкія рамёствы. Усё - дзеля захавання гістарычнай памяці і дзяржаўнай ідэнтычнасці.

Спецыяльна да свайго паўтаравекавога юбілею абласны краязнаўчы музей прэзентаваў незвычайную выставу, дзе сабраў свае лепшыя і ўнікальныя экспанаты. А самі супрацоўнікі прымаюць гэтымі днямі віншаванні з нагоды 150-годдзя заснавання музея. Які і сёння застаецца цэнтрам культурнага і грамадскага жыцця рэгіёна.