Вясенне-палявыя работы з кожным днём разгортваюцца больш актыўна. Аграрыі працуюць на палетках, вяскоўцы і дачнікі - на прысядзібных сотках. Асабліва актуальна для іх пытанне якаснага насення. 10 найменняў высокаўраджайнай бульбы прапануюць насельніцтву і гаспадаркам у Магілёўскай абласной доследнай станцыі. Новыя сарты такой папулярнай у Беларусі культуры размножваюць спачатку ў лабараторыі, а потым у гадавальніках. Крысціна Каранкевіч з падрабязнасцямі.
Адным падабаецца, каб бульба была разварыстай. Другім, каб на разрэзе абавязкова была жоўтай. Трэцім куды больш важна, каб клубні добра захоўваліся. У Дашкаўцы пакупнікам прапануюць разнастайныя гатункі. Прычым уся бульба - гэта эліта з высокай ураджайнасцю.
Гэта першы этап развядзення высокаўраджайных элітных гатункаў з прыстаўкай "супер". На працягу 60 гадоў доследная станцыя ў Дашкаўцы - першая і галоўная ступень у вытворчасці элітнага насення ў Магілёўскай вобласці. Сёлета тут з’явілася 6 новых сартоў бульбы. Пакуль яны ў прабірках. Праз тры гады новыя гатункі паступяць на рэалізацыю.
У якасці сваёй бульбы на станцыі ўпэўнены. Другі год запар тут працуе лабараторыя імунаферментнага аналізу. Перад рэалізацыяй спецыялісты правяраюць усе гатункі на інфекцыі. Сёлета ў Дашкаўцы да рэалізацыі гатовы 10 элітных гатункаў. У сучасным камп’ютарызаваным сховішчы сямянка добра захоўваецца пры тэмпературы ад 2 да 4 градусаў і вільготнасці 85-90%.
Калі пасадзіць на прысядзібным участку такую бульбу - тры гады пасяўны матэрыял можна не аднаўляць, добры ўраджай гарантаваны.
Таксама бульбу з Дашкаўкі вырошчваюць на палетках Мінскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. Спецыялісты прагназуюць, што садзіць бульбу можна будзе ў трэцяй дэкадзе красавіка і раяць загадзя паклапаціцца пра насенне.













