Магілёўская вобласць збірае добры ўраджай бульбы

17 сентября 2016

Магілёўская вобласць збірае добры ўраджай бульбы – 308 цэнтнераў з гектара, гэта на трэць больш за леташні паказчык. Па нарыхтоўцы бульбы вобласць на другім месцы пасля Віцебшчыны. Дзякуючы новым тэхналогіям сёлетні ўраджай абяцае быць не толькі вялікім, але і якасным.

Расказвае Алена Салаўёва. У гэтай фермерскай гаспадарцы добра ведаюць патрэбы рынку. Таму сёлета вырашылі павялічыць плошчы пад бульбу. З аднаго гектара тут збіраюць у сярэднім 400 цэнтнераў. Карыстаюцца вопытам, які перанялі ў Заходняй Еўропе.

Прыкладна праз гадзіну следам ідзе другі камбайн, які забірае падсохлую бульбу. Дзякуючы gps-навігацыі на полі не застаецца амаль ніводнага клубня. Аўтаматычная сістэма нават вызваляе вадзіцеля ад неабходнасці кіраваць машынай.

Што да сельскагаспадарчых арганізацый Магілёўскай вобласці, яны таксама атрымліваюць неблагі ўраджай бульбы. Асноўная вытворчасць сканцэнтравана на буйных таварных гаспадарках, якіх у вобласці 24. Аптымізацыя плошчаў і правераныя гатункі – тое, што дазваляе з года ў год атрымліваць добрую бульбу.

Перавагу аддаюць мясцовым высокаўраджайным гатункам - раннім і сярэдняспелым. "Скарб", "Рагнеда", "Вектар"… "Брыз" – увогуле адзін з самых папулярных у аграрыяў.

Зразумела, надвор’е таксама ўплывае на якасць ураджаю. Аднак, кажуць спецыялісты, калі тэхналогія не парушаецца, праводзіцца своечасовая падкормка і апрацоўка раслін, залежнасць ад кліматычных умоў - мінімальная. У Магілёўскай вобласці па ўраджайнасці бульбы лідзіруе Клічаўскі раён – тут з аднаго гектара збіраюць 440 цэнтнераў агародніны. 



Зараз чытаюць