Магілёў рыхтуецца да Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі

22 сентября 2018

Клімавіцкі раён будуе прадпрыемства па гадоўлі індычак. А яшчэ маладзёжныя актывісты вобласці падвялі вынікі акцыі па добраўпарадкаванні святынь. Тыдзень у дайджэсце падзей з усходняга рэгіёна.

Працягваецца падрыхтоўка да 5-га Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які пройдзе 10-12 кастрычніка. Праграма будзе насычанай. Сярод афіцыйных мерапрыемстваў - пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Пройдзе тыдзень інтэграцыі, маладзёжны форум, злёт студэнцкіх атрадаў, сумеснае пасяджэнне саюзаў жанчын Магілёўскай і Тульскай абласцей.

Ала Галушка, намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама: "У нас будзе вельмі шмат гасцей. У Магілёў прыедуць не толькі прадстаўнікі расійскіх гарадоў. У нас у Магілёве будзе прадстаўлена ўся Беларусь. Мы плануем стварыць карту госця, па якой любы з тых, хто прыязджае да нас, зможа знайсці для сябе цікавае мерапрыемства".

Умацаванне эканамічных адносін - сярод асноўных тэм форуму. Магілёўскія вытворцы разлічваюць на новыя экспартныя кантракты. Іх сума складзе каля 70 мільёнаў долараў.

Вольга Аўсіевіч, начальнік упраўлення камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама: "Удзельная вага ў цэлым расійскага рэгіёна ў знешнегандлёвым абароце Магілёўскай вобласці складае каля 60 %. Вядома, усе суб'екты гаспадарання Магілёўскай вобласці, якія экспартуюць сваю прадукцыю, зацікаўлены ў расійскім рэгіёне. Гэта, па-першае, наш сусед, гэта надзейны партнёр".

Тым часам умацоўваюцца стасункі і з заходнімі суседзямі. З закладкі памятнай капсулы ў Клімавіцкім раёне стартаваў адзін з найбуйнейшых беларуска-літоўскіх інвестпраектаў коштам у паўсотню мільёнаў еўра - будаўніцтва комплексу па вытворчасці індычкі. Гэта вынік даручэнняў Прэзідэнта Беларусі, дадзеных Магілёўскаму аблвыканкаму. Праект будзе ўяўляць сабой поўны цыкл, пачынаючы з гадоўлі птушкі і да паглыбленай перапрацоўкі. Прадукцыю плануюць пастаўляць на ўнутраны рынак і краіны Еўрасаюза.

Пад хештэгам #ЗаДело! актывісты і валанцёры БРСМ падвялі вынікі дабрачыннай акцыі пад назвай «Аднаўленне святынь Беларусі». На працягу сезона - з красавіка па верасень - яны займаліся добраўпарадкаваннем замкаў, касцёлаў, храмаў са статусам гісторыка-культурнай спадчыны, якія з’яўляюцца сапраўдным упрыгажэннем малой радзімы. Праект аб’яднаў амаль 70 атрадаў рэгіёна - гэта практычна паўтысячы актывістаў арганізацыі. Удалося навесці чысціню на 50 аб’ектах.

Вучні Александрыйскай школы атрымалі сапраўдны падарунак - сустрэча з алімпійскай чэмпіёнкай Афін Юліяй Несцярэнкай. У 2004 яна перамагла на 100-метроўцы і не толькі заваявала залаты медаль, але і мянушку Белая маланка за сваю хуткасць. Легенда спорту расказала пра сваю кар’еру, любімую працу ў футбольным клубе «Дынама-Брэст». У Александрыйскай школе навучаюцца і выхаванцы філіяла акадэміі футбола. Чэмпіёнка пакінула запіс у кнізе шаноўных гасцей, наведала музей-школу, дзе вучыўся Прэзідэнт. А потым школьнікі яшчэ доўга не пакідалі спартсменку без сэлфі і аўтографаў.

Самі ж выхаванцы філіяла Акадэміі футбола атрымалі майстар-клас ад знакамітай спартсменкі.