Беларуска-японскую прамысловую зону плануецца стварыць у СЭЗ “Магілёў”. У Слаўгарадскім раёне з’явілася сваё пластыкавае войска. А заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева пераканалася - менавіта Магілёў хутка парадуе нараджэннем новых эстрадных зорак. Падрабязнасці ў дайджэсце падзей усходняга рэгіёна.
СЭЗ “Магілёў” плануе стварыць беларуска-японскую прамысловую зону. Такі вынік візіту ва ўсходні рэгіён Беларусі дэлегацыі з горада Такеа. Праект распрацаваны пасольствамі. За аснову ўзята канцэпцыя Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Акрамя падатковых і мытных льгот інвестарам прапануюць асвоіць зямлю з гатовай інфраструктурай на ўскрайку Магілёва, дзе бізнесменамі з Аўстрыі, Расіі і Прыбалтыкі ўжо створаны дрэваапрацоўчы і хімічны кластары. Да таго ж магілёўскія прадпрыемствы зацікаўлены ў набыцці высокатэхналагічнага абсталявання - робатаў, станкоў для мадэрнізацыі вытворчасці. Узамен гатовы пастаўляць у Краіну узыходзячага сонца ўвесь спектр тавараў.
Падчас візіту падпісаны першы мемарандум аб узаемаадносінах паміж японскім горадам Такеа і Шкловам. У планах развіццё эканамічных і турыстычных сувязей.
У Магілёве ўшанавалі пераможцу Рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў “Залатое пяро “Белай Русі - 2017”. Пяты раз творчае спаборніцтва аб’яднала крэатыўных аўтараў з усёй краіны. Журы прааналізавала амаль тысячу твораў. Гэта артыкулы, відэаролікі, сачыненні, сямейныя альбомы. Лепшай вызначана Марыя Фядзюшкіна, педагог-псіхолаг з Магілёва.
Пластыкавае войска ў аграгарадку Лясная Слаўгарадскага раёна. Пад адкрытым небам тут з’явіўся ўнікальны музей - імітацыя бою рускіх са шведамі 1708 года. Апошнія былі разбіты, а Пётр Першы назваў бой “маці Палтаўскай перамогі”. На плошчы амаль гектар размясцілі палаткі, гарматы, рэдуты, невялікі храм і нават пластыкавае войска дзвюх армій. Цікава, што твары салдат імянныя - зроблены з фотаздымкаў мясцовых жыхароў. Ініцыятыва рэалізавана пры падтрымцы праекта ЕС ПРААН.
Музей пад адкрытым небам стаў падарункам да гадавіны бітвы пры Лясной.
Хутка менавіта Магілёўская вобласць парадуе нараджэннем новых зорак эстрады. У гэтым пераканаліся арганізатары абласнога этапа рэспубліканскага фестывалю творчасці “Нашы таленты табе, Беларусь!”. На сцэне самага вялікага Палаца культуры рэгіёна выступілі 10 лепшых прафсаюзных і клубных устаноў абласнога цэнтра, Бабруйска і Горак. Танцавальныя калектывы, салісты, аркестры…
Пераможцамі абласнога этапа сталі артысты цэнтра культуры рэгіянальнага аддзялення Беларускай чыгункі. Яны разам з іншымі маладымі зоркамі з усёй краіны выступяць у фінале - 22 снежня - на сцэне рэспубліканскага Палаца культуры.













