Магілёў. Дайджэст навін

29 июля 2017

У Магілёве на ўездзе ў абласны цэнтр пачалі будаваць вялікую арку - яна стане гістарычным помнікам. Аграрыі вобласці пачалі ўборку лёну і прагназуюць добры ураджай. А на маляўнічае ўзбярэжжа Чыгірынскага вадасховішча зноў з’ехаліся аматары бардаўскай песні і рыбалкі. Пра найбольш цікавыя падзеі усходняга рэгіёна краіны – далей у нашым эфіры.

Расказвае Андрэй Ястрабаў. Арку на ўездзе у Магілёў з боку сталіцы пачалі ўзводзіць будаўнікі. Гэта частка вялікай праграмы аднаўлення горада, якую на пачатку года падпісаў Прэзідэнт краіны. Аб’ект упрыгожыць ля мікрараёна Спадарожнік кальцавую аўтамабільную развязку. Самы яе цэнтр. З падземным пераходам, зонай адпачынку. А ў самой арцы можна будзе зрабіць прыгожае сэлфі.

Будаўніцтва аркі стане апошнім этапам рэканструкцыі Мінскай шашы ў Магілёве.

Аграрыі Магілёўскай вобласці пачалі ўборку льну-даўгунца, з якога атрымліваецца потым добрае валакно. Першы этап – церабленне – самы важны. Сцябло акуратна вырываецца камбайнам з глебы і кладзецца ў роўныя дарожкі ў полі. Далей – справа за сонцам і ранішняй расой. Праз месяц льносаломка ператворыцца ў льнотрасту, якую можна будзе збіраць для далейшай перапрацоўкі. Сёлета ў Магілёўскай вобласці ўбяруць каля 8,5 тысячы гектараў ільну.

На маляўнічае ўзбярэжжа Чыгірынскага вадасховішча зноў з’ехаліся аматары бардаўскай песні і рыбалкі. Міжнародны фестываль актыўнага адпачынку на прыродзе традыцыйна прываблівае сваёй насычанай праграмай. Акрамя конкурсаў на самы вялікі улоў, смачную юшку і ўтульную палатку, гасцей чакаюць шматлікія канцэрты - у тым ліку Юлія Кіма, ізраільскага тэатра песні "Мерхавім". А таксама мабільныя лазні, турніры па пляжным валейболе і конкурс – "Каралева свята". Завершыцца бард-рыбалка ў нядзелю.

А ў Магілёве каля 200 удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Прыбалтыкі сабрала міжнародная выстава кошак. Любімыя хатнія гадаванцы спаборнічалі ў прыгажосці, элегантнасці, інтэлекце. І нават экзатычнасці. Прадстаўнікі рэдкай пароды "бамбей", якую вывелі каля 10 гадоў таму ў ЗША, пераўзышлі усіх.

А ў конкурсе "Залатая кошка Магілёва" перамог кот па мянушцы Пабла абісінскай пароды. Для сяброў - проста Паўлуша.