Мінская вобласць сёлета прырасце на мільён сто тысяч квадратных метраў

18 июня 2016

Развіццё гарадоў-спадарожнікаў сталіцы і будаўніцтва сацыяльнага жылля. Мінская вобласць сёлета прырасце на мільён сто тысяч квадратных метраў. Гэта - самы высокі паказчык у краіне. Бесперабойны працэс узвядзення дамоў забяспечваюць айчынныя вытворцы будматэрыялаў.

У горадзе-спадарожніку Фаніпалі, дзе хутка з'явіцца новы мікрараён, знаходзіцца наш карэспандэнт Надзея Сербіненка. Мінская вобласць па-ранейшаму ў спісе лідараў па тэмпах будаўніцтва. Найбольш актыўна ўзвядзенне дамоў ідзе ў прысталічных раёнах - найперш у Мінскім. Але не на шмат адстаюць і дзяржынскія будаўнікі. Так у Фаніпалі хутка з'явіцца новы жылы мікрараён.

Насельніцтва Фаніпаля - амаль 15 тысяч чалавек. Але з кожным годам ахвотнікаў пераехаць з мегаполіса ў горад-спадарожнік сталіцы са зручнай інфраструктурай становіцца ўсё больш. Да таго ж Фаніпаль - прамысловы горад. Тут знаходзіцца завод па вытворчасці электрацягнікоў, буйны агракамбінат, фабрыка будаўнічых матэрыялаў і электраабсталявання. Рабочыя месцы ствараюць неабходнасць у новым жыллі.

Развіццё гарадоў-спадарожнікаў - адзін з галоўных будаўнічых вектараў на найбліжэйшыя гады. У сталіцы іх шэсць - Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск, Смалявічы і Фаніпаль. Найперш актыўна будуць забудоўвацца Смалявічы і Рудзенск, за імі - астатнія. Ва ўсіх спадарожніках прадугледжана стварэнне адпаведнай інфраструктуры - транспартнай, адукацыйнай і медыцынскай. Новае жыллё і развітая інфраструктура прыцягне і прамысловы кластар.

А забяспечваюць бесперабойнае ўзвядзенне як жылля, так і сацыяльных аб'ектаў айчынныя вытворцы будматэрыялаў. Буйны пастаўшчык сухіх і вадкіх будаўнічых сумесей знаходзіцца ў Заслаўі. Беларуска-германская кампанія паспяхова замяшчае імпарт. Клей, грунтоўка, шпаклёўка, гідраізалятары і фуга, зробленыя пад Мінскам, ні ў чым не саступаюць замежным аналагам.

Маштабнае тэхнічнае перааснашчэнне дазваляе выпускаць 60 тон прадукцыі за год. Паводле слоў дырэктара кампаніі, Сяргея Навіцкага, гэтага хапае не толькі на патрэбы Цэнтральнага рэгіёна.

Сёлета ў Мінскай вобласці плануюць увесці ў эксплуатацыю адзін мільён сто тысяч квадратаў жылля - гэта на трэць больш, чым у сталіцы. Падчас праектавання дамоў, у першую чаргу будуць улічаны інтарэсы шматдзетных сем'яў, бюджэтнікаў, а таксама тых, хто пражывае ў сельскай мясцовасці і мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.