Мінская вобласць развівае новыя формы сацыяльнай падтрымкі

14 ноября 2015

Мінская вобласць развівае новыя формы сацыяльнай падтрымкі - гасцявая сям’я, дамы зімоўкі і сацыяльная дача. Каб у любую пару года атуліць людзей сталага ўзросту цяплом. Каму недастаткова на тыдзень двухразовага візіту сацыяльнага работніка, знойдуць другі дом у аддзяленні кругласутачнага знаходжання. Пажылыя, якім складана ў халодны час весці побыт самастойна, аб’ядноўваюцца на сезон пад адным дахам. Якія формы сацыяльнага абслугоўвання папулярныя ў людзей паважанага ўзросту? Рэйтынг склала Аляксандра Драгун.

Адна з самых запатрабаваных форм жыццеўладкавання для людзей сталага ўзросту – дом самастойнага пражывання. Незалежна ад сезона і тэрмінаў, пад адным дахам жывуць пажылыя, якія самі могуць сябе абслугоўваць – напрыклад, паліць у печы ці гатаваць ежу. Сёлета такі дом адкрылі ў Клецкім раёне.

Першым яго гаспадаром стаў Генадзь Бабкоў. Дагэтуль ён амаль год жыў у аддзяленні кругласутачнага знаходжання, але ўвесь час марыў весці побыт самастойна. Цяпер асвойваецца ў новым утульным доме.

Хоць узрост паважны – мужчыну 70 - склаўшы рукі сядзець не прывык. Па прафесіі Генадзь – электрык, таму па-гаспадарску наладзіў разеткі ў кожным пакоі, праверыў лямпачкі, праводку. Цяпер спакойна чакае чарговых навасельцаў.

Дом самастойнага знаходжання разлічаны на 4 асобы. Ёсць гасцёўня, два жылыя пакоі і кухня. Дарэчы, людзям сталага ўзросту не трэба нарыхтоўваць дровы на зіму – ацяпленне ў доме паравое.

Каб набыць часопіс ці атрымаць пенсію, або трапіць на прыём да ўрача, жыхарам гэтага дома дастаткова выйсці за ганак. У адным будынку пошта і ФАП. Дарэчы, ля дарогі аўтобусны прыпынак і магазін для зручнасці людзей сталага ўзросту.

Па прыкладзе Клецкага раёна дамы для самастойнага пражывання сёлета адкрыюць у Мядзелскім і Смалявіцкім, а ў наступным годзе з’явяцца яшчэ ў сямі.

Практыкуюць у Мінскай вобласці і такія формы жыццеўладкавання, як дамы зімоўкі ці сацыяльная дача. Калі людзі сталага ўзросту жывуць пад адным дахам пэўны сезон.

Памераць ціск, прыбраць у доме ці проста выслухаць. За 17 гадоў Зоя Даўшка навучылася разумець і вырашаць праблемы людзей сталага ўзросту. Без кроўнага сваяцтва – па прызванні - наведвае 12 бабуль і дзядуляў.

Спагадлівая памочніца – найлепшая падтрымка для Вольгі Лабко. Кожны візіт, два разы на тыдзень, - для бабулі доўгачаканая сустрэча.

Для сацыяльнай падтрымкі ў вобласці штогод вынаходзяць новыя формы, каб як мага больш пажылых не засталІся сам-насам са сваімі клопатамі, а былі атуленыя сямейным цяплом.