Мінск набірае форму да ІІ Еўрапейскіх гульняў

16 марта 2019

Мінск набірае форму да ІІ Еўрапейскіх гульняў. У велізарны спартыўны мегаполіс ператварыцца студэнцкая вёска ў Малінаўцы. Поўная змена іміджу гэтымі днямі адбываецца ў пакоях інтэрнатаў - узровень камфорту там будзе адпавядаць трохзоркавым гатэлям. Побач са спартыўнымі апартаментамі ўзводзяць і вялікі фуд-корт на 2000 чалавек.

Як праходзіць спартыўнае абнаўленне, ведае Ян Пашкевіч. Маштабную станцыю экспрэс-падзарадкі еўрапейскіх атлетаў узводзяць на тэрыторыі спартыўнага цэнтра горада: два вялікія павільёны, фуд-корт ужо гатовыя больш як напалову.

Купалападобная столь будынкаў - інжынерны ход. Канструкцыя надзейная і адначасова простая ў выкананні. Тым больш што вырабляюць такую вялікую дахоўку адразу на будпляцоўцы з лістоў металу.

Пасля Гульняў спартыўны дух у гэтых будынках захаваецца: яны стануць часткай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па фігурным катанні. Пакуль жа сам каток на час стане вялікім гастранамічным павільёнам.

Абнаўляюць імідж і студэнцкія інтэрнаты. На час спаборніцтваў тут заселяцца больш за 4000 спартсменаў. Вялікі еўрарамонт тут завершыцца ўжо напачатку красавіка. Да таго моманту студэнцкія інтэрнаты пойдуць на павышэнне - ператворацца ў велізарны гасцінічны комплекс.

А многія апартаменты ўжо гатовыя да засялення. Пасля заканчэння кантынентальнага спартыўнага форуму час яркіх перамог адчуюць студэнты - менавіта яны заселяць абноўленыя апартаменты.