Міністэрства ЖКГ падвяло вынікі конкурсу на самы добраўпарадкаваны аграгарадок

13 июля 2019

Самыя добраўпарадкаваныя аграгарадкі Беларусі - Хомск і Белавежскі Брэсцкай вобласці, Мярэцкія і Крынкі - Віцебскай. І Язёры на ўсходзе краіны. Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі падвяло вынікі адпаведнага конкурсу. Улічвалася добраўпарадкаванасць, а значыць камфортнасць. А яшчэ адносіны саміх жыхароў да сваёй малой радзімы. Прыз - 800 базавых велічынь, якія абавязкова пойдуць на добрую справу і новыя праекты.

Якія? Дазнаўся Андрэй Ястрабаў. Недалёка ад райцэнтра. Напэўна таму і захавалася вёска з яе маляўнічым возерам. Больш за 260 падворкаў - нямала па сучасных мерках. Ды і прыезджыя не супраць застацца. Таццяна Калашнік разам з мужам у раён пераехала з Украіны. Заўсёды марыла быць бліжэй да людзей, таму і не шкадуе, што праца знайшлася менавіта на вёсцы.

Сумаваць у Язёрах не любяць. Вось і сёння пакуль мокрае надвор’е сабраліся ў вясковым цэнтры культуры на рэпетыцыю мюзікла. Самі, без падтрымкі зорных рэжысёраў і артыстаў. Так больш цікава,  бо ўсе свае. Дэвіз язёрскіх актывістаў: “Сваімі рукамі стварай жыццё на вёсцы”. Так і царкву адрадзілі. І перадалі новай святыні рарытэт - захаваны ад былога храма крыж.  

Жыхар Язёраў Сідараў Мікалай гадоў пяць як на пенсіі. Адышоў ад вялікіх спраў. Аднак цікавасць змайстраваць што-небудзь з дрэва не страціў. Творамі сваімі ўпрыгожыў вёску. Асаблівы гонар -  крынічка - яго залатых рук справа. Моладзь Язёраў тым часам прытрымліваецца сусветных трэндаў. Прызвычайваецца да здаровага ладу жыцця. Тут нават аддзяленне біятлону ад Чэрыкаўскай спецыялізаванай школы алімпійскага рэзерву працуе.

Такія намаганні жыхароў Язёраў не маглі не заўважыць на самым высокім узроўні. І аграгарадок перамог у конкурсе - стаў лепшым у Беларусі. З прэміяй, якую тут ужо гатовы з карысцю патраціць.

І без таго маляўнічае возера Язёраў стане яшчэ больш прыгожым.