Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “Март-кантакт” прыняў Магілёў

26 марта 2016

Яркая падзея ў Год культуры. Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “Март-кантакт” прыняў Магілёў. 20 спектакляў прывезлі тэатры з 9 краін свету. Штогод тэатральная падзея здзіўляе смелымі пастаноўкамі і новым поглядам на літаратурныя шэдэўры. Крысціна Каранкевіч - пра самыя адметныя пастаноўкі сёлетняга “Март-кантакта”.

“Март-кантакт” - з’ява адметная і ўнікальная. Яго гісторыя пачалася ў 2006 годзе, калі арганізатары форуму вырашылі, што ён будзе для моладзі, пра моладзь і з удзелам моладзі. На першы фестываль маладзёжныя тэатры з пяці краін прывезлі дзесяць спектакляў. У той год гран-пры застаўся ў Магілёве.

У Магілёўскім драматычным - аншлаг. Квіткі на адкрыццё разышліся першымі. Акцёры сустракаюць гасцей перфомансам. У холе настрой прыўзняты. "Март-кантакт" - доўгачаканае свята не толькі для заўзятых тэатралаў.

Маладыя магілёўскія акцёры да адкрыцця падрыхтавалі інтэрмедыю. Актыўны кантакт з публікай і сюрпрызы - фірменны знак “Март-кантакта”.

Першым спектаклем форуму стала эксперыментальная пастаноўка “На дне” магілёўскага рэжысёра Ігара Казакова. Страх, нянавісць, пакалечаныя лёсы і душы. Атмасфера горкаўскага “дна” шляхам выразных тэатральных сродкаў.

Зусім іншы настрой задалі ў Магілёўскім драматычным. Санкт-Пецярбургскі тэатр “Майстэрня" прывёз класічную камедыю “Мроі кахання ці Жаніцьба Бальзамінава”.

Афіша “Март-кантакта” цікавая і разнастайная: новы погляд на класіку, монаспектаклі, пластычная дзея. Перад гледачамі стаяў складаны выбар: якую абраць пастаноўку. Адначасова на дзвюх сцэнах ішлі спектакль-канцэрт паводле Шукшына і пастаноўка “Варшаўская мелодыя”. Першы спектакль прапанаваны ў форме выязнога канцэрта вясковай самадзейнасці. Акцёры працуюць па ўсёй зале, цесна ўзаемадзейнічаюць з гледачамі.

“Варшаўская мелодыя” - гісторыя пра каханне, якое застаецца назаўсёды. Спектакль паказвае тэатральная платформа сучаснага мастацтва з Чарнігава.

За 11 гадоў форум паставіў шмат эксперыментаў і стаў вядомы па ўсёй Еўропе сінтэзам класікі і сучаснасці. Завершыцца фестываль 27 сакавіка. Дарэчы, гран-пры сёлета вырашылі не прысуджаць. Пастановак, якія вартыя гэтай ўзнагароды, зашмат.