Міжнародны дзень сям’і адзначаўся на гэтым тыдні

19 мая 2018

Наша здымачная група адправілася ў Гарадок Віцебскай вобласці віншаваць Ганну і Яўгена Дворавых: яны выхоўваюць дзесяцярых дзяцей. Мая калега Марына Раманоўская спытала бацькоў, як паспець ва ўсіх праверыць урокі, прыгатаваць смачную вячэру і згуляць у футбол.

Дзень сям'і праходзіць у прыемных клопатах. Ганна і Яўген Дворавы выхоўваюць дзесяцярых дзяцей. Самаму малодшаму - пяць гадоў, старэйшай дачцэ - чатырнаццаць. Дзеці з задавальненнем дапамагаюць па гаспадарцы, пад пільнай увагай бацькоў-выхавальнікаў робяць урокі, а ўвечары па традыцыі ўся сям'я збіраецца за вялікім сталом.

Пакуль маленькі Лёша асвойвае цацачны сінтэзатар, дванаццацігадовы Вадзім ужо развучвае новы музычны твор. Дзеці малююць, спяваюць, танцуюць, вышываюць і нават складаюць вершы. Выхадныя прынята праводзіць на свежым паветры. Узімку - канькі і лыжы, улетку - скейтборд і ролікі. Творчасць і спорт аб'ядноўвае ўсю сям'ю.

Ідэальны парадак у сваіх пакоях дэманструюць і дзяўчаты, і хлопцы. Ганна Дворава кажа: іх сям’я заўжды з адкрытым сэрцам сустракае гасцей. Для душэўных размоў ёсць утульная гасцёўня. У выхадныя абавязкова прыязджаюць выпускнікі дома сямейнага тыпу. Для іх Ганна і Яўген сталі другімі бацькамі.

Зараз і дзеці, і дарослыя старанна рыхтуюцца да фестывалю сямейнай творчасці. У прыгожым альбоме - фотапрэзентацыя, якая расказвае пра шматлікія захапленні. Сабралася і вялікая колькасць малюнкаў - хопіць на выставу. Дарэчы, пад экспазіцыю прыйшлося аддаць увесь другі паверх утульнага дома. Які для дзяцей стаў па-сапраўднаму родным.