Майстар з Маладзечна стварыла дзве тысячы казачных лялек

1 февраля 2020
Дзве тысячы казачных герояў і сотня савецкіх лялек. Майстар з Маладзечна Святлана Кузьмічова лялечнай справай займаецца амаль дзесяць гадоў. Кракадзіл Гена, Чабурашка, Папялушка – герояў  савецкіх казак і мультфільмаў жанчына з тканіны стварае сваімі рукамі. Затым з персанажамі вандруе па беларускіх гарадах з уласнымі выставамі. Але асаблівыя адносіны ў майстра з лялькамі савецкага часу. Прыгожых дзяўчат Святлана рэстаўруе і дорыць ім другое жыццё.  Незвычайную калекцыю ўбачыла і Наталля Кезік. 

Лялькі-рэкардсменкі ў росце і ўзросце. Самая старая сярод сотні экспанатаў - прадстаўніца ГДР, ёй больш за шэсцьдзясят гадоў. Інтэрактыўная рэтравыстава ў Лагойску працуе першы тыдзень, а лялькам сумаваць тут не прыходзіцца - гасцей сустракаюць кожны дзень. 
Гаспадыня калекцыі - жыхарка Маладзечна Святлана Кузьмічова. У музеі майстар выставіла больш за сто экспанатаў, іх збірала больш за год. Кожную гераіню рэстаўравала сваімі рукамі. 
Часцей за ўсё вобраз лялькі  майстру дыктаваў яе выгляд. Калекцыю яна збірала на інтэрнэт-пляцоўках і аўкцыёнах. Звычайна персанажы сустракаліся з пэўнымі дэфектамі.
Так з’явіліся лялькі ў народных касцюмах, ваенныя, спартыўныя, стылягі і хіпі. За год Святлана сабрала вялікую  калекцыю рэдкіх экспанатаў пад назвай "Другое жыццё". 
Акрамя лялек, Святлана Кузьмічова не на жарт захапілася героямі савецкіх мультфільмаў і казак. Папялушка, Бураціна, хітрая ліса і певень, Дзюймовачка, Снежная каралева. На нараджэнне аднаго героя неабходна некалькі дзён: пашыць, пафарбаваць і аздобіць. 
За сваёй швейнай машынкай Святлана Кузьмічова  амаль дзесяць гадоў. А да пачатку творчага перыяду медык па адукацыі больш за дваццаць гадоў адпрацавала ў гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. 
Усе героі з сюжэтаў казак, і лялькі вандруюць па выставах у беларускіх гарадах - мінімум дзесяць пляцовак за год. А больш за дзве тысячы казачных герояў ручной работы ад маладзечанскага майстра пасяліліся ў новых гаспадароў з Амерыкі, Германіі, Францыі і краін Азіі.