Майстар з Брэсцкага раёна стварае незвычайныя механічныя скульптуры

17 февраля 2018

Дыназаўры, насякомыя, жывёлы са смецця. Майстар з Брэсцкага раёна стварае незвычайныя механічныя скульптуры. Жалязякі ён не выкідвае, а надае ім другое жыццё. Сваімі ведамі Антон Мартынюк гатовы падзяліцца з дзецьмі і дарослымі. Так у Брэсце з’явілася і першая ў нашай краіне школа механічнага мастацтва.

Вікторыя Патоня пазнаёмілася з аўтарам і яго работамі. Металічныя дэталі ў руках Антона Мартынюка ажываюць. Запчасткі ад аўтамабіля, лыжкі, заколкі, сапсаваныя гадзіннікі і парасоны ён не выкідвае на сметнік, а ператварае ў сапраўдныя творы мастацтва. У дзяцінстве Антон марыў стаць урачом, але абраў прафесію мастака, і ў якасці хобі заняўся біямеханікай і скрып-артам. Здаецца, што бяздушныя жалязякі вось-вось гатовыя ўзляцець.

Майстар не робіць папярэдніх эскізаў. Яго скульптуры з’яўляюцца спантанна. У гэтым азарт і крэатыўнасць мыслення! Ды і анатомію жывёлы Антон ведае дасканала. Таму работы максімальна праўдападобныя. Сам жа скульптар жартуе: сябры празвалі яго доктарам Франкенштэйнам. Як сапраўдны біямеханік, ён выкарыстоўвае косці жывёлы, крылы насякомых… Антон у сваёй творчасці бачыць і філасофскі падтэкст: эстэтыка-экалагічны.

У калекцыі майстра – амаль 40 работ. Ад вялізных да мініяцюрных, амаль ювелірнай зборкі. Большасць скульптур нагадваюць канструктар, таму замяніць дэталі нескладана.

А гэта прыклад трансфармацыі старога аўтамабіля “Масквіч” у міфічную істоту. Гэты дракон - самая буйная з работ аўтара, яе даўжыня тры метры. А ўбачыць яе можна на выставе маладых мастакоў, што зараз праходзіць у Брэсце.

Антон Мартынюк працуе выкладчыкам малявання і чарчэння ў адной са школ Брэсцкага раёна. Але заўсёды марыў адкрыць уласную школу мастацтва, дзе будуць спалучацца асноўныя тэхнікі і сучасныя тэхналогіі. Ажыццявіць ідэю дапамаглі ў Брэсцкім тэхнапарку. Так, першая ў краіне школа тэхналогій і дызайну пачне работу ў найбліжэйшы час. Навучэнцы - дзеці і дарослыя.

Планаў і задумак у Антона Мартынюка шмат. Майстар перакананы: зрабіць свет цікавым можа кожны. Галоўнае - жаданне і ўмелыя рукі.