Лепшыя ў Беларусі аўтаінструктары працуюць у Віцебскай вобласці

1 октября 2016

Падведзеныя вынікі конкурсу прафесійнага майстэрства сярод інструктараў практычнага ваджэння. Удзельнікі спаборніцтваў - каманды аўташкол ДТСААФ з усёй краіны. Праз якія практыкаванні прайшлі прафесіяналы - убачыў Артур Смалякоў.

«Горка», «змейка» і разварот. Стандартныя заданні падчас здачы экзамена на вадзіцельскае пасведчанне. Толькі на гэты раз замест курсантаў - самі інструктары. Як высветлілася, ідэальна выканаць практыкаванні для навічкоў - задача не з лёгкіх.

Старт з прабуксоўкай, але галоўнае - не адкаціцца назад. «Горка» - першае практыкаванне, з якога пачынаецца паласа перашкод. Сёння яе праходзяць тыя, у каго за плячыма шматгадовы стаж. За званне лепшага інструктара змагаюцца прадстаўнікі аўташкол з усёй Беларусі. Па 4 чалавекі ў кожнай камандзе. У складзе зборнай Віцебскай вобласці - лепельскія прафесіяналы. Сёлета ім ёсць чым ганарыцца.

Незвычайны конкурс ДТСААФ упершыню арганізавала 12 гадоў таму. З таго часу праводзіць рэгулярна. Тут упэўненыя: у любой прафесіі павінен быць лепшы. Спаборніцтвы ладзяцца пад пільным наглядам вопытных спецыялістаў. Стаўленне да канкурсантаў, як на экзамене. У фаварытах заўсёды віцебляне. Ніжэй за другое агульнакаманднае яшчэ не апускаліся.

Ідэальныя веды правілаў дарожнага руху, дэталяў і механізмаў аўто, бездакорнае ваджэнне. На конкурс прыехалі сапраўдныя асы. Некалькі дзён аўтадромных баталій - і пераможцы вызначаныя. Лепшыя інструктары працуюць у Віцебскай вобласці.

Віктар Рубанік з Мёраў інструктарам у аўташколе працуе 9 гадоў. Сёлета зноў пацвердзіў высокую кваліфікацыю. Другі год запар у яго лепшая падрыхтоўка і лепшы вынік. Адбою ад ахвочых узяць ўрокі ваджэння ў прафесіянала няма.

Сёння ДТСААФ рыхтуе амаль палову ўсіх вадзіцеляў у Беларусі. Гэта адзіная арганізацыя ў краіне, якой даверана падрыхтоўка вадзіцеляў для сілавых структур. Летась аўташколы ДТСААФ падрыхтавалі больш за 57 тысяч спецыялістаў. Асноўны паказчык кваліфікацыі курсантаў - працэнт здачы экзаменаў у ДАІ. І тут ён самы высокі ў рэспубліцы.