Лепшага кінолага Беларусі вызначаюць у Гомелі

27 августа 2016

Чэмпіянат унутраных войскаў па службовым мнагаборстве сабраў спецыялістаў з Беларусі і Расіі. Іх службовыя сабакі дэманструюць навыкі дрэсуры, следапыцтва, праверкі памяшканняў і псіхалагічную ўстойлівасць. Яўген Пабалавец з падрабязнасцямі.

На спаборніцтвы ў Гомель прыехалі 47 спецыялістаў-кінолагаў. Гэта вайскоўцы ўнутраных войскаў, прадстаўнікі сілавых структур Беларусі, а таксама Федэральнай службы выканання пакаранняў Расіі. Усяго дзесяць каманд. Спаборніцтвы праходзяць у чатырох намінацыях: пошук наркатычных і псіхатропных прэпаратаў, выбуховых рэчываў, крымінальных пахаванняў.

Аляксандра Андзёрава-Бянькоўская – адна з трох дзяўчат-кінолагаў, якія прымаюць удзел у спаборніцтвах. Разам з нямецкай аўчаркай Гермесам прыехала з Магілёва. Чатыры дні выступленняў – сапраўднае выпрабаванне як для гаспадара, так і для падапечнага. Любая дробязь можа паўплываць на вынік.

Спаборніцтвы ацэньваюць вопытныя суддзі. Па кожным відзе ёсць свае нарматывы і штрафныя балы. Напрыклад, калі сабака выконвае каманду не з першага разу, мінусуюць 2 балы. Калі кінолаг дапамагае свайму гадаванцу пераадолець перашкоду, мінусуюць 60 балаў. Гэта фактычна сход з дыстанцыі. Пераможцы вызначаюцца па агульнай суме балаў.

Сяргей Чакмазаў, намеснік начальніка аддзела ўпраўлення аховы і канваіравання Федэральнай службы выканання пакаранняў Расіі: "Служба не стаіць на месцы. Развіваюцца тэхнічныя сродкі, развіваецца методыка, тактыка прымянення. Таму кожны год мы бачым нешта новае, бяром сабе на ўзбраенне. Летась ваша каманда прымала ўдзел у нашых спаборніцтвах, сёлета мы з візітам у адказ. Таму, я спадзяюся, мы шмат новага пяроймем".

Сёння ў Беларусі налічваецца каля тысячы кінолагаў, у Расійскай Федерацыі толькі ў службе выканання пакаранняў працуюць больш як дзесяць тысяч. Абмен вопытам стаў ужо добрай традыцыяй.

Раман Глушцоў, начальнік аддзела кіналагічнай работы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі: "Летась нашы супрацоўнікі падраздзялення "Алмаз" і Дэпартамента выканання пакарання прымалі ўдзел у рэгіянальных спаборніцтвах поўдня Расіі на базе растоўскай школы сабакаводства. З 23-х удзельнікаў па курсе пошуку выбуховых рэчываў супраоўнік "Алмаза" заняў першае месца, па агульным профілі супрацоўнік дэпартамента заняў другое месца. Я думаю, узровень гаворыць сам за сябе".

У наступным годзе каманда з Беларусі прыме ўдзел у спаборніцтвах кінолагаў у Архангельску. Каманда з трох чалавек паспрабуе зноў пацвердзіць свой высокі прафесійны ўзровень.