Лепшая маладая сям’я Беларусі жыве ў Гомельскай вобласці

4 ноября 2017

Пераможцамі фіналу рэспубліканскага конкурса сталі жыхары Калінкавіч. У Аляксандра і Наталлі Петрушко шасцёра дзяцей – чатыры дзяўчынкі і два хлопчыкі. Старэйшай – 19 гадоў, а малодшай усяго 2.

Прычым у конкурсе ўдзел прымала ўся сям'я. І адразу пасля перамогі запрасіла ў госці нашага карэспандэнта Вольгу Халадовіч. Гэта тая самая фінальная конкурсная песня. І, на думку сям'і Петрушко, менавіта яна стала тым акордам, пасля якога стала зразумела: журы выбрала пераможцаў.

Безліч дэкарацый, мастацкія міні-стужкі, уласныя рэжысёры-пастаноўшчыкі і харэографы. Усё гэта было ў іншых сем'яў, якія прыехалі на конкурс. У сям'і Петрушко - не. Было жаданне паказаць іх сямейны ўклад.

Старэйшай Аляксандры – 19, малодшай Ганне – толькі 2 гады. Сям'я Петрушко на конкурсе аказалася самай шматдзетнай - у іх шасцёра дзяцей: два хлопчыкі і чатыры дзяўчынкі. Але, на думку Петрушко-малодшых, гэта не самая галоўная сямейная характарыстыка.

Гурткі, секцыі, музычная школа – ніхто ў сям'і не сядзіць без справы. Усе разам яны збіраюцца толькі раніцай і ўвечары. Ці каб ізноў перажыць хвалюючыя моманты фіналу конкурсу "Сям'я года".

Спартыўныя спаборніцтвы, перамогі ў творчых конкурсах, ганаровыя граматы – у кожнага свой летапіс поспеху. А гэта іх сумесныя сямейныя дасягненні – дыплом, сертыфікат і прэмія.

Падрыхтоўка да конкурсу заняла амаль год - яны здымалі пра сябе ролікі, распрацоўвалі сцэнічны вобраз і стваралі сацыяльны праект. І, паводле слоў пераможцаў, гэта яшчэ больш з'яднала іх дружную сям'ю.

Куды патраціць выйгрыш - яны яшчэ не думалі. Магчыма, Наталля ажыццявіць мару песціць родных хатнім хлебам і набудзе хлебапечку. Частку сродкаў яны разам з Аляксандрам думаюць накіраваць на рэалізацыю сацыяльных праектаў. У любым выпадку - у іх жыцці ўжо ёсць самая галоўная ўзнагарода – каханне і самыя лепшыя на свеце дзеці.