Лагойскі раён змагаецца за званне эпіцэнтра зімовых відаў спорту

11 февраля 2017

На схілах Раўбічаў вырастаюць будучыя зоркі фрыстайла, а на плешчаніцкіх лыжных трасах - біятлона. Мы вырашылі даведацца, дзе і як праходзіць падрыхтоўка будучых прызёраў зімовых Алімпіяд?

Расказвае Надзея Сербіненка.

Біятланісты пасля праходжання дыстанцыі ўстаюць на агнявы рубеж. Задача спартсмена - закрыць пяць мішэняў. Біятланісты выкарыстоўваюць сапраўдную зброю. Гэта вінтоўка - з сапраўднымі патронамі. Таму са зброяй спартсмену трэба быць асабліва асцярожным.

У навучэнцаў Плешчаніцкага вучылішча алімпійскага рэзерву кожны дзень распісаны літаральна па хвілінах. Абавязковыя трэніроўкі - дзве, працягласцю мінімум пяць гадзін. Перад біятланістам-юнаком Кірылам Пермяковым на кожным старце ёсць дзве задачы: дакладна трапіць у мішэнь і пры гэтым быць самым хуткім на дыстанцыі.

Падрыхтоўку будучых чэмпіёнаў у вучылішчы пачынаюць з 8 класа. У зале - адпрацоўка стральбы, выхаванне спрынтарскіх якасцяў на трасе. Летам - на лыжа-ролерах, зімой - па сапраўдным снезе.

Побач з вучылішчам - у дзіцяча-юнацкай спартшколе - падрастае новае пакаленне біятланістаў. Пакуль дзеці толькі знаёмяцца з вінтоўкай, але на лыжах стаяць ўпэўнена. Так, у скарбонцы 11-гадовай Леры нядаўна з'явілася першая перамога ў "Снежным снайперы".

Адзін з самых захапляльных і небяспечных відаў спорту - фрыстайл - не страчвае папулярнасць сярод падлеткаў.

У Раўбічах на гэтым тыдні сабраліся лепшыя юніёрскія зборныя свету - Беларусь прадстаўляюць падапечныя Дзмітрыя Дашчынскага. Двойчы прызёр Алімпійскіх гульняў перадае юніёрам асабісты вопыт.

Умовы, створаныя ў Раўбічах для фрыстайлістаў, прыцягваюць спартсменаў з усяго свету. Казахі, швейцарцы, немцы даўно ўпадабалі лагойскія схілы.

Сёння ў Мінскай вобласці 53 спартыўныя школы. У Лагойскім раёне трэніруюцца біятланісты, лыжнікі, фрыстайлісты, у Заслаўі - весляры, у Маладзечне - хакеісты, у Барысаве - футбалісты. Сучасныя спартыўныя аб'екты прыцягваюць таленавітых трэнераў, а з імі і будучых зорак Алімпійскіх гульняў і сусветных першынстваў.