Летні турыстычны сезон пачаўся ў Гродне

5 мая 2018

Новыя аб’екты інфраструктуры і ў Гродне. Замежныя госці могуць наведваць рэгіён 10 дзён не толькі на аўтамабілі, цягніку і веласіпедзе, але нават на лодках і пешшу. Для сустрэчы турыстаў пабудаваны новыя гасцініцы і хостэлы. Пачалі працаваць дзясяткі новых кафэ, рэстаранаў і аб’ектаў хуткага харчавання. Як рэгіён плануе сустракаць турыстаў, ацаніў Юрый Карняловіч.

Традыцыйна пачатак летняга турыстычнага сезона ў Гродне супадае з адкрыццём пагранперахода “Лясная Рудаўка” на Аўгустоўскім канале. З гэтага моманту замежныя госці могуць наведаць рэгіён на байдарках, веласіпедзе і нават пешшу. Сёлета першым турыстам, які скарыстаўся такой магчымасцю, стаў бургамістр польскага горада Аўгустаў Войцех Валюлік. На беларускую частку канала ён прыехаў дзякуючы бязвізаваму рэжыму.

Войцех Валюлік, бургамістр Аўгустава (Польшча): "Я вельмі рады, што першым адкрыў турыстычны сезон тут, у пункце пропуску “Лясная Рудаўка”. І вельмі спадзяюся, што колькасць людзей, якія будуць карыстацца такой выдатнай магчымасцю бязвізавага ўезду, будзе з кожным днём толькі ўзрастаць. Я прыехаў на веласіпедзе, а можна яшчэ на байдарцы ці проста пешшу. Цікаўнасць з боку палякаў да беларускай часткі Аўгустоўскага канала вельмі вялікая. І бязвізавы рэжым дае ўсе магчымасці пазнаёміцца з вашым рэгіёнам".

Аўгустоўскі канал - адзін з самых запатрабаваных турыстычных аб’ектаў Гродзенскай вобласці. Пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму ўезду тут за год пабывала амаль 50 тысяч турыстаў.

Не пустуе ўнікальны гідралагічны аб’ект і ў міжсезонне. Замежныя турысты едуць на канал і зімой. Толькі з пачатку бягучага года Гродзенскі раён, які ўваходзіць у бязвізавую зону, наведалі 16 тысяч замежных гасцей. Сёння, калі ўсталявалася амаль летняе надвор’е, назіраецца сапраўдны турыстычны бум. Напрыклад, цеплаход “Нёман”, які ажыццяўляе водныя прагулкі па канале, робіць па некалькі рэйсаў за дзень. Зараз у чарговае падарожжа адпраўляюцца госці з польскага горада Познань.

Марыя Радоўска, турыстка (Польшча):

"Гродна вельмі цікавы горад. Шмат гістарычных будынкаў захавалася. Мы пад вялікім уражаннем. Бязвізавы ўезд для нас увогуле адкрыццё. На мяжы ніякіх праблем, вельмі хутка ўсё аформілі. І зараз прыехалі на Аўгустоўскі канал. Толькі пазітыўныя эмоцыі".

Станіслаў Мікалайчык, турыст (Польшча):

"Хачу сказаць, што я нават уявіць сабе не мог, наколькі цікавы горад Гродна і Аўгустоўскі канал. Вельмі ветлівыя і мілыя людзі нас сустракалі. Самы галоўны плюс - гэта не трэба атрымліваць візу. У мяне вельмі пазітыўны настрой ад вандроўкі па вашым рэгіёне".

Для папулярызацыі Аўгустоўскага канала сярод замежных турыстаў у гэтым сезоне распрацавана насычаная забаўная праграма. Шматлікія фестывалі, конкурсы, спаборніцтвы будуць спрыяць павелічэнню колькасці замежных гасцей.

Плануецца, што сёлетні турыстычны сезон у Гродне павінен пабіць усе рэкорды па колькасці іншаземных турыстаў. Паводле слоў спецыялістаў, гэтаму будзе спрыяць павелічэння тэрміну бязвізавага наведвання да 10 дзён. Да наплыву гасцей рыхтуецца і адпаведная інфраструктура. У абласным цэнтры адкрыты дзясяткі хостэлаў, гасцініц, рэстаранаў і кафэ, што ў сваю чаргу станоўча адаб’ецца на эканамічным развіцці рэгіёна. З пачатку года ўжо створана больш за 300 новых працоўных месцаў, а турыстычных паслуг рэалізавана на 4 мільёны рублёў.