Летнія дзіцячыя лагеры прынялі першых наведвальнікаў

8 июня 2019

Дзень распісаны літаральна па хвілінах: конкурсы, спартыўныя гульні і шматлікія экскурсіі. Летнія дзіцячыя лагеры прынялі першых наведвальнікаў. У Гродзенскай вобласці ў гэтым сезоне плануецца аздаравіць больш за 60 тысяч школьнікаў. Падрабязнасці ў Юрыя Карняловіча.

Спартыўныя гульні, гурткі па інтарэсах, тэматычныя мерапрыемствы. У гэтым дзіцячым аздараўленчым лагеры увесь дзень распісаны літаральна па хвілінах. Па традыцыі раніцай агульны збор на цэнтральнай плошчы. Дзеці і выхавацелі дзеляцца сваімі планамі, абмяркоўваюць агульныя праекты. Затым праца ідзе ў кожным асобным атрадзе.

Адначасова на адкрытай спартыўнай пляцоўцы праходзяць турніры па валейболе, футболе і баскетболе. Працуюць трэнажорныя залы. І перамога, прызнаюцца дзеці, тут не самае галоўнае. Знайсці як мага больш сяброў і навучыцца дзейнічаць у камандзе – вось мэта, да якой імкнуцца ўсе выхаванцы.

Асаблівая ўвага з боку выхавацеляў надаецца дзецям з малодшых груп. Менавіта ў лагеры яны вучацца самастойнасці. Васьмігадовы Кірыл Хобіц увогуле першы раз адпачывае без бацькоў. Аднак літаральна за два дні асвоіў складаную навуку - прыводзіць у парадак свой пакой.

Практычна кожны дзень у аздараўленчы лагер прыязджаюць госці. Гэтым разам да дзяцей завіталі супрацоўнікі Дэпартамента аховы. Міліцыянеры пазнаёмілі выхаванцаў са сваёй службай, арганізавалі конкурсы па правілах бяспечных паводзін. Самай запамінальнай стала дэманстрацыя элементаў рукапашнага бою.

Сёлета ў “Сузор’і” будуць працаваць пяць змен. Кожная з іх мае сваю тэматыку. Прычым у падрыхтоўцы мерапрыемстваў прымаюць актыўны удзел і самі выхаванцы аздараўленчага лагера.

За сезон у лагеры плануюць аздаравіць 1300 дзяцей з усяго Гродзенскага раёна. І як запэўніваюць выхавацелі, пераважная большасць школьнікаў у наступным сезоне зноў вернецца сюды.