Леснікі толькі паспяваюць мяняць шматлітровыя мяшкі пад бярозамі

25 марта 2017

Пакуль мы яшчэ толькі марым пра сакавітыя грушы, яблыкі і чарэшні, самыя першыя вясновыя вітаміны ўжо ў прамым сэнсе паліліся. Леснікі толькі паспяваюць мяняць шматлітровыя мяшкі пад бярозамі – з аднаго дрэва назапашваюць некалькі соцень літраў. Сок, кажуць эксперты, будзе цячы ўсяго каля 2 тыдняў. Навошта беларусы дабаўляюць у сок галінкі парэчкі і ледзянцы і што спачатку напалохала замежных пакупнікоў соку з Кітая і Еўропы – сакавітыя падрабязнасці ў Дзмітрыя Смірнова.

Зараз беларускія лясы больш нагадваюць аграрныя плантацыі: амаль ля кожнай бярозы – вялікі поліэтыленавы мяшок, у які кругласутачна збіраюць самы першы вясновы сок. Празрысты напой цячэ нядоўга – са з’яўленнем першых зялёных лісткоў на галінках бяроза закрываецца.

Між тым, у прамысловых маштабах бярозавы сок можна збіраць толькі з дрэў, пазначаных на высяканне не раней як праз пяць гадоў.

Працэс здабычы бярозавага соку і нават інструменты для спуску фрэшу не мянялі сотні гадоў. Усяго і патрэбна - дрэль і металічнае ці пластыкавае прыстасаванне, па якім пацячэ сок.

Так рабілі беларусы, калі нават самыя вялікія сённяшнія дрэвы былі яшчэ толькі насеннем. Але ж гэты спосаб застаўся ў большасці ў вёсках, а ў лясгасах замест дрэлі зараз карыстаюцца пілой. І, тым не менш, пры так званым падсочванні – так леснікі называюць збор бярозавага соку – работнікі строга выконваюць правілы, каб не нашкодзіць дрэвам.

Са старых часоў нязменнымі дайшлі да нас і некаторыя рэцэпты вітаміннага напою. Бярозавы сок настойваюць з сакавіка ажно да чэрвеня ці нават да верасня. Мясцовыя жыхары запэўніваюць: такі напой нават параўнаць з магазіннай газіроўкай нельга.

Хатнія рэцэпты беларусаў з разынкамі ці хлебнымі скарынкамі хутка будуць запісваць на сваіх упакоўках і замежныя магазіны – бярозавы сок з беларускіх лясоў пашырае сваю экспартную экспансію. Акрамя рэгулярных паставак у Расію, Польшчу і Літву, эксклюзіўны напой хутка пакаштуюць у Кітаі і В’етнаме, нягледзячы на тое, што спачатку бярозавы фрэш выклікаў здзіўленне ў некаторых замежных партнёраў.

У гэтым сезоне гродзенскія лясгасы плануюць нарыхтаваць не менш за 2 тысячы тон соку. Здабыць свежы напой можна и самастойна, але толькі ў дазволеных месцах – на бярозавых плантацыях.