Віртуальнае падарожжа з Мінска ў Стакгольм, гульня у фларбол і дэгустацыя нацыянальнай кухні. У Верхнім горадзе беларускай сталіцы першай сваю культуру сёлета прэзентуе Швецыя. Інтэрактыўныя зоны прадставяць розныя прадпрыемствы скандынаўскай краіны. Таксама плануюцца моўныя і спартыўныя майстар-класы. Кульмінацыяй вечара стане вялікі канцэрт з удзелам знакамітых шведскіх артыстаў.
Сёлета сваю культуру ў Верхнім горадзе Мінска прэзентуюць 15 краін. Сярод іх – Эстонія, Грузія, Польшча, Малдова і іншыя.
Паравыя, газавыя і нават спіртавыя – у Мінску адкрыўся музей праса. Упершыню ў сталіцы прадэманстравалі больш за 300 старадаўніх мадэляў бытавой тэхнікі, якія сабралі беларускія калекцыянеры. У экспазіцыі - прасы нестандартнай круглай формы некалькіх эпох, а таксама самы цяжкі ў гісторыі марскі прас, вага якога амаль 20 кілаграмаў.
Музей размясціўся ў Траецкім прадмесці. Зараз там можна набыць і карту госця Мінска. Яна дазваляе атрымаць скідку не толькі ў музеях, але ў галерэях, рэстаранах і аквапарку.
Гран-пры міжнароднага конкурсу "Залатое руно" ў Слуцк прывёз танцавальны ансамбль "Папараць-кветка". Калектыў з 14 школьнікаў прадстаўляў Беларусь на грузінскай сцэне, якая аб'яднала танцораў з розных краін. Слуцкія віртуозы да конкурсу падрыхтавалі тры нумары народных танцаў. Пасля выступленняў падчас экскурсій школьнікі паспелі пазнаёміцца з Грузіяй.
У Слуцку танцавальны калектыў "Папараць-кветка" існуе больш за 20 гадоў. Іх танцавальныя пастаноўкі ведае ўвесь горад. Былыя выпускнікі прыводзяць на заняткі сваіх дзяцей. Зараз тут займаюцца 130 танцораў - ад самых маленькіх да выпускнікоў школ.













