Культурны дайджэст

20 мая 2017

Космас Язэпа Драздовіча можна ўбачыць у Магілёве, прыватныя калекцыі - у музеі гісторыі Брэста і творчае вяселле - у сталічнай галерэі. Падрабязнасці ў нашым культурным дайджэсце.

«Тут засталася яго душа...». Пад такой назвай у Віцебску прайшла канферэнцыя памяці Давіда Сімановіча - паэта, краязнаўца і грамадскага дзеяча. Ён быў першым старшынёй Шагалаўскага камітэта і зрабіў шмат для вяртання імя майстра на Радзіму. На сустрэчы гучалі вершы і песні на словы паэта. Прайшла прэзентацыя дакументальнага фільма аб яго ўдзеле ў культурных праектах Віцебска.

Яго называюць беларускім Леанарда да Вінчы і Цыялкоўскім адначасова. Мастак, скульптар, пісьменнік, фалькларыст, этнограф, археолаг. Выбітная і дзіўная асоба - Язэп Драздовіч. Выстава яго карцін і драўляных твораў прапанаваная ў Магілёве ў гонар 750-годдзя абласнога цэнтра. “Космас Язэпа Драздовіча” - выстава, безумоўна, ўражвае. Цяжка ўявіць, што гэтыя карціны ён маляваў амаль сотню гадоў таму. І верыў, што жыццё на іншых планетах існуе.

Унікальная магчымасць - убачыць карціны знакамітых заходнееўрапейскіх мастакоў 18-19 стагоддзяў з'явілася ў жыхароў Брэста. Першы сумесны праект музея гісторыі горада з прыватнымі калекцыянерамі прапануе знаёмства з шэдэўрамі жывапісу Францыі, Германіі, Аўстрыі. Сярод экспанатаў і рарытэтныя прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: вазы, гадзіннікі, невялікія скульптурныя кампазіцыі. Выстава будзе дзейнічаць да 1 чэрвеня.