Касцюм лелікаўскай свахі набыў статус гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі

9 июня 2018

Касцюм лелікаўскай свахі з Кобрынскага раёна набыў статус гісторыка-культурнай нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. Старажытны жаночы строй апраналі на вяселлі, ён меў асаблівую тэхналогію вырабу і адрозніваецца ад звычайных касцюмаў. Самая яркая дэталь - галаўны ўбор, упрыгожаны птушыным пер’ем. Вікторыя Патоня пацікавілася: хто ж такая лелікаўская сваха?

Так стагоддзе таму пачыналася вяселле ў вёсцы Лелікава, што на мяжы з Украінай. На мясцовай гаворцы, з асаблівым каларытам тут праходзіў сакральны абрад. Пасля маладых важную ролю на вяселлі адыгрывала свацця, накшталт сучаснай тамады. Яна выступала з боку жаніха і павінна была быць жанчынай разумнай і вясёлай. У заможных жаніхоў было нават 17 свах, каб гасцям было весела і сытна.

Настасся Шапяцюк ніколі свахай не была, толькі ў інсцэніроўках. У сярэдзіне мінулага стагоддзя абрад пачаў знікаць. Праўда, у бабуліным куфры захаваўся касцюм, а ў памяці - элементы абраду. Сёння жанчына адраджае традыцыю. Нават чаравікі адпавядаюць вобразу: з падковамі, каб адбіваць чачотку падчас танцаў. Настасся Ігнацьеўна жартуе: 7 пеўняў сапсавала, каб зрабіць непаўторны галаўны ўбор лелікаўскай свахі. Ён складаецца са стракатай кароны, стужак і абавязкова - птушынага пер’я, што падкрэслівае баявы характар гэтага вясельнага персанажа.

Касцюм свахі шыецца з баваўняных тканін і ўпрыгожваецца рознакаляровай аплікацыяй. Неад’емны элемент фартушка і кашулі - вось такія вочы, якія сімвалізуюць багацце, пладавітасць і гаспадарлівасць.

Зараз унікальны строй захоўваецца ў музеях і прыватных калекцыях. А мясцовая моладзь зацікавілася этнаграфічным багаццем краю і ладзіць прадстаўленні. Сярод іх абрад “Вяночкі” - сучасная “дзявочая субота”. Дарэчы, традыцыя гэта не зусім знікла.

Традыцыя вырабу і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі набыла статус гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. А значыць, не застанецца ў мінулым. Спецыялісты разлічваюць, што вобраз стане сапраўдным культурным брэндам, які дазволіць пашырыць турыстычную прывабнасць краю.

Убор лелікаўскай свахі цяпер пад аховай дзяржавы. Мясцовыя майстрыхі плануюць ствараць касцюмы паводле аўтэнтычных узораў. Магчыма, неўзабаве з’явіцца і этнатур "Лелікаўская сваха запрашае…".