Касметычны рамонт сёлета запланаваны для 15% сталічных пад'ездаў

25 ноября 2017

Апошнім часам да добраўпарадкавання свайго жылля далучаецца ўсё больш жыхароў - некаторыя нават ператвараюць пад'езды у арт-прасторы. І, як адзначаюць ініцыятары творчага падыходу, чысціня ў такіх пад'ездах больш заўважная. Як мінчане дапамагаюць камунальным службам захоўваць парадак у дамах? Клінінг-эксперымент правёў Ян Пашкевіч.

Творчыя паказальнікі ўздоўж лесвіцы адразу падкажуць аб захапленнях жыхароў гэтага дома. Лаўцы сноў, батанічныя куткі і нават мастацкі антыкварыят - за такі рамонт у стылі хэндмэйд гэты пад'езд у шматпавярхоўцы па вуліцы Мірашнічэнкі сёлета стаў самым стыльным у сталіцы.

А вось у доме па вуліцы Вясёлкавай на сценах пад'езда пасяліліся каляровыя цені яго жыхароў. Такі арт-хаўс тут з'явіўся амаль 10 гадоў таму. За гэты час каляровая галерэя нават не пацьмянела - кожны даглядае вялікае палатно.

Ахоўваюць чысціню пад'ездаў у сталіцы таксама клінінгавыя кампаніі і камунальныя службы. Генеральную ўборку тут ладзяць раз на тры дні, у тым ліку і вільготную. Але часам, асабліва зімой і восенню, умовы надвор'я прыводзяць прыбіральшчыкаў да перагрузкі.

Мы вырашылі праверыць, як доўга пратрымаецца чысціня ў адным з пад'ездаў пасля вільготнай уборкі. Клінінг-тэст правялі на наступны дзень. А вось у гэтым пад'ездзе малюнкі на сценах больш нагадваюць наскальны жывапіс, а за творчы імпэт аўтара прыйдзецца заплаціць жыхарам. У графік бягучага рамонту трапляюць няспраўныя парэнчы, свяцільні, вокны, батарэі - усё, што можа стварыць небяспеку для жыхароў дома. За касметычныя ж працэдуры заплаціць прыйдзецца самім жыхарам.

Такім чынам у сталіцы асвяжаюць выгляд штогод каля 15 працэнтаў ад агульнай колькасці пад'ездаў. А вось як доўга "абноўкі" пратрымаюцца, ужо залежыць толькі ад сумесных намаганняў камунальшчыкаў і мясцовых жыхароў.