Конкурс "Шчасце - жыць у мірнай краіне!" прайшоў у Беларусi

22 сентября 2018

Цяпер пра краіну, у якой і жыць - шчасце! Менавіта з такім лейтматывам прайшоў штогадовы рэспубліканскі паэтычны конкурс сярод школьнікаў. Бралі ўдзел у ім дзяўчаты i хлопцы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Самых таленавітых на тыдні запрасілі ў Нацыянальную бібліятэку, дзе ўручылі падарункі і кнігу з апублікаванымі вершамі. Форум па традыцыі праводзіць Беларускі фонд міру. Сімвалічна, што такое свята прайшло напярэдадні Дня мiру. Больш падрабязна - Анастасія Бенедзісюк.

Амаль пяцьсот старонак. І на кожнай гісторыя асобнай сям'і і залог поспеху ўжо няхай невялікай, але суверэннай краіны. Тут не зарыфмаваныя творы на вольную тэму, а канкрэтныя адказы на, здавалася б, зусім не дзіцячыя пытанні, што такое мiр і што такое шчасце.

З дзіцячага дома Аню і яе брата ўзялі пяць гадоў таму. Цяпер у іх ёсць і мама, і тата, і яшчэ браты з сёстрамі. Менавіта яны натхнілі дзяўчынку на паэтычнае афармленне думак. Так, ад мамы - шчасце ў дзецях, ад бабулі - у раніцы без выбуху снарадаў, ад таты - у працы з надзейным трактарам у полі.

Ганна Палюціна, удзельніца паэтычнага конкурсу "Шчасце - жыць у мірнай краіне!": "Што такое шчасце, у сябе спытаць. І адказу доўга не шукай. Шчасце - гэта мама, тата і бабуля, спевы жаваронка, што ўсе людзі чуюць, каб у мірным небе не свісцелі кулі. Мы павінны помніць усе наказ бабулі: шчасцем гэтым даражыце, дзеці, каб не страціць мір у нашым свеце".

Максім любіць футбол і гульні ў вайну, а мама школьніка, усё мацней сціскаючы яго руку, не ўтойвае: яе шчасце, што пісталеты і танкі толькі для забавы. Яны жывуць недалёка ад Брэсцкай крэпасці - гераічнаму месцу і подзвігу землякоў прысвячаецца.

Максім Віднікевіч, удзельнік паэтычнага конкурсу "Шчасце - жыць у мірнай краіне!": "Облака из сладкой ваты заслоню рукой. Спи, малыш, под небом мирным, Бог с тобой. Пусть тебе приснится лето, лето без войны. Чтоб смогли свободно птицы гнезда вить свои. Чтобы солнца луч касался окон всей земли. Чтоб в домах огонь надежды люди обрели".

Конкурс "Шчасце - жыць у мірнай краіне!" традыцыйна праводзіць Беларускі фонд міру. Летась школьнiкi пісалі сачыненнi, сёлета - вершы, па выніках наступнага абяцалі сапраўдны вернісаж: сваё бачанне свету прапаноўваюць адлюстраваць з дапамогай фарбаў.

Максім Місько, старшыня праўлення Беларускага фонду міру, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Тысяча вершаў была напісана. Нам вельмі складана было адабраць лепшыя вершы, сёння тут 158 дзетак, якіх мы будзем віншаваць, якіх мы будзем узнагароджваць. Адсоткаў, напэўна, 70-80 напісана на беларускай мове".

Выбраць лепшага, калі такі апрыёры кожны, складана, але таленавітых заўважылі і адзначылі. Больш за тое, іх вершы са сцэны чыталі дарослыя і паважаныя людзі. І абавязкова са спасылкай на аўтара.