Кандытарскія прадпрыемствы Мінскай вобласці павялічваюць выраб навагодніх прысмакаў

19 декабря 2015

Цукеркі, тарты і пірожныя да свята. Кандытарскія прадпрыемствы Мінскай вобласці павялічваюць выраб навагодніх прысмакаў. Салодкія вырабы, аздобленыя цукровымі сняжынкамі, салодкім снегам і шакаладнымі фігуркамі, ахвотна набываюць у якасці падарунка. Якія ж прысмакі ў трэндзе ў гэтым навагоднім сезоне?

На дэгустацыю ў Клецкі раён адправілася Антаніна Станкевіч.

Сапраўды, зараз людзі актыўна рыхтуюцца да навагодніх святаў. Хтосьці набывае падарункі для сваякоў і сяброў, а хтосьці прысмакі для святочнага стала. На кандытарскіх прадпрыемствах, напрыклад, зараз сапраўдны вытворчы бум. Калі звычайна штомесяц тут робяць тону-паўтары салодкіх пачастункаў, то ў снежні-студзені гэтая лічба павялічваецца ў тры-чатыры разы. Зараз паглядзім, над чым працуюць клецкія кандытары.

У гэтым цэху работа не спыняецца ні на хвіліну. За кароткі час мясцовым кандытарам трэба паспець упрыгожыць больш за трыста тартоў – буйны заказ ад аднаго з прадпрыемстваў горада для сваіх работнікаў. Ды і гандлёвая сетка ў перадсвяточныя дні раз-пораз адсылае заяўкі на салодкую прадукцыю. Тарты, пірожныя, рулеты і бісквіты асабліва папулярныя ў перадсвяточныя дні.

Прыкладна такая ж карціна і на іншых кандытарскіх прадпрыемствах краіны. Салодкія прысмакі абавязкова павінны быць на святочным стале беларусаў, бо лічыцца, што Новы год трэба сустракаць смачна, каб такім жа чынам яго і правесці.

Перадсвяточная мітусня і на ўласных кухнях краіны. Алена Касцянюк дае волю фантазіі. У жанчыны што ні торт – сапраўдны шэдэўр. Вось і зараз паціху пачала выконваць шматлікія заказы ад сваякоў і сяброў – кожнаму трэба паспець зрабіць індывідуальны падарунак.

На прыгатаванне аднаго шэдэўра жанчыне патрабуецца не менш як 5-6 гадзін. Усе інгрэдыенты, у тым ліку складаныя крэмы і рознакаляровую масціку, Алена гатуе самастойна.

На адной з найбуйнейшых шакаладных фабрык у краіне таксама пачалі выпуск навагодніх падарункаў. Цукеркі, шакаладныя і вафельныя батончыкі – у кожнай скрыні каля трыццаці відаў пачастункаў. Спецыялісты фабрыкі ўжо падрыхтавалі больш за мільён падарункаў, так што без салодкага ніхто не застанецца.

Шакаладныя падарункі ў поўным аб'ёме паступілі ў гандлёвую сетку краіны. Так што засталося хіба што выбраць па смаку і кашальку.