Пяць драўляных храмаў Брэсцкай вобласці могуць папоўніць Спіс сусветнай культурнай спадчыны. Гэта драўляныя культавыя збудаванні 17-18 стагоддзяў. Кожны з храмаў незвычайны. Нягледзячы на шматвекавы ўзрост, у іх дагэтуль праходзяць богаслужэнні. Унясенне ў Спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА дазволіць захаваць храмы на ўзроўні дзяржавы і выклікаць цікавасць да драўлянага палескага дойлідства з боку турыстаў. Вікторыя Патоня прадоўжыць.
Гэта царква ў вёсцы Збірагі, на першы погляд, звычайная. Не вызначаецца памерамі і раскошай архітэктурных форм. Яе асаблівасць - узрост: больш за 4 стагоддзі!
На тэрыторыі Беларусі гэта адзін з самых старажытных драўляных помнікаў. Упершыню царква Святой Параскевы Пятніцы згадваецца ў 1610 годзе. Яна адлюстроўвае асаблівасці архітэктуры готыка-рэнесанснай эпохі. Чым не падстава прэтэндаваць на радок у спісе аб’ектаў культавага дойлідства сусветнай спадчыны?
У храме захоўваюцца старажытныя абразы. Напрыклад, вось гэты іканастас Хрыста Збавіцеля - прамы доказ: на Палессі існавала ўласная іканапісная школа.
Храм так званага бязвежавага тыпу. За 400 гадоў ён захаваўся фактычна ў першапачатковым выглядзе. Будаваўся як уніяцкі. Быў пад юрысдыкцыяй Праваслаўнай царквы, затым - католікаў. Нават падчас войн і ў гады ваяўнічага атэізму яго не разбурылі, не разрабавалі, не спалілі. У царкве і дагэтуль гучаць малітвы прыхаджан.
Спецыяльная камісія прапануе ўключыць у Спіс ЮНЕСКА і Свята-Міхайлаўскую царкву, што ў вёсцы Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна. Пабудаваны храм у 1780 годзе ў барочным стылі і адлюстроўвае ўплыў еўрапейскай культуры на мясцовых майстроў.
Усяго ў намінацыю ЮНЕСКА па ахове драўляных помнікаў плануюць уключыць пяць храмаў 17-18 стагоддзяў. Гэта найбольш старажытныя цэрквы заходняга Палесся. Гэта будзе працэдура далучэння да ўжо існуючай транснацыянальнай намінацыі Прыкарпацкага драўлянага дойлідства, куды ўваходзяць помнікі Украіны і Польшчы.
Уключэнне храмаў у Спіс сусветнай спадчыны паўплывае на іх далейшы лёс. Яны будуць пад больш сур’ёзнай аховай, як унікальныя помнікі драўлянай архітэктуры. І ацаніць культавыя збудаванні змогуць не толькі даследчыкі, але і турысты.













