Гаспадаркі, якія спецыялізуюцца на вырошчванні агародніны, пачала ўборачную кампанію

6 июля 2019

Свежыя агуркі ў адкрытым грунце, ранняя капуста і зялёны гарох. Гаспадаркі, якія спецыялізуюцца на вырошчванні агародніны, пачалі  ўборачную кампанію. Нягледзячы на засушлівае надвор’е, ураджай такіх культур у гэтым годзе чакаецца высокі. Напрыклад, у Гродзенскім раёне аграрыі гатовы поўнасцю задаволіць патрэбы насельніцтва ў айчынных агурках і капусце. Асаблівасці збору ўраджаю з градак - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Праляжаць увесь дзень на працы - мара, якую ажыццявілі ў СВК "Свіслач". Для збору агуркоў тут ужо некалькі гадоў выкарыстоўваюць распрацоўку беларускіх вучоных. Спецыяльную платформу на невялікай хуткасці цягне па полі трактар. На ёй ляжаць агароднікі і акуратна збіраюць зялёныя плады.

Эфектыўнасць працы пры такой нарыхтоўцы павялічваецца ў некалькі разоў. Зборшчыкі не траўміруюць агурочнік, а гэта вельмі важна для ўраджайнасці. За сезон з поля плошчай паўтара гектара ўдаецца сабраць амаль 50 тон агародніны. Адначасова жанчыны праполваюць градкі, складваючы пустазелле паміж радамі. Агародніца Наталля Бурчык такімі ўмовамі працы вельмі задаволена. Прызнаецца, што пасля васьмі гадзін на платформе стома нават не адчуваецца.

СВК "Свіслач"  - адна з нямногіх гаспадарак рэгіёна, якія вырошчваюць агародніну ў прамысловых маштабах. На гэтыя мэты тут адведзена амаль паўсотні гектараў. Агуркі, цыбуля, буракі, кроп - ураджай гэтых культур тут атрымліваюць на працягу ўсяго лета. Свежая агародніна адразу з поля адпраўляецца спажыўцам. 

Паралельна з агуркамі ў гаспадарцы ідзе нарыхтоўка ранняй капусты. Праца гэта пераважна ручная, таму на полі выключна вопытныя агародніцы. Спеюць качаны не адначасова і задача зборшчыкаў  - дакладна вызначыць таварную расліну.

А гэта ўжо ў суседняй гаспадарцы "Дзяньшчыкова" зялёны гарох адгружаюць на перапрацоўчае прадпрыемства. Запатрабаваны прадукт паспявае адначасова са збожжавымі культурамі. Аднак у адрозненне ад ячменю ці жыта марудзіць з уборкай гароху нельга. Перастаяўшы на полі нават адзін дзень, ён страчвае таварны выгляд.

Галоўны аграном Генадзь Эйсмант штодзень інспектуе палеткі з гарохам. Прызнаецца, сабраць яго неабходна ў строга адведзеныя агранамічныя тэрміны. А плошчы ў гаспадарцы немалыя. Сталовай культурай засеяна 400 гектараў. Сяўбу праводзяць у шэсць этапаў. Па 15 гектараў праз кожныя 10 дзён і так пакуль усё поле не будзе занята.

Увогуле ўборачная кампанія ў Гродзенскай вобласці набірае абароты. Жніво азімых збожжавых культур пачалі практычна ўсе гаспадаркі рэгіёна. Надвор’е, прызнаюцца аграрыі, спрыяе якаснаму абмалоту. Масава  выйдуць камбайны на палеткі ўжо на наступным тыдні.