Кожны год ствараць па пяць тысяч новых працоўных месцаў

12 мая 2018

З такой амбіцыйнай задачай спраўляюцца ў Гродзенскай вобласці. Вакансіі з’яўляюцца практычна ва ўсіх сферах эканомікі, аднак галоўны акцэнт усё ж такі на рэальны сектар. Пры гэтым менавіта новыя прадпрыемствы малога і сярэдняга бізнесу забяспечваюць працаўладкаванне да 50% незанятых жыхароў рэгіёна.

Аб перспектывах на рынку працы і самых запатрабаваных прафесіях – рэпартаж Юрыя Карняловіча. Гродзенскае прадпрыемства "Радыёхваля" апошнія некалькі гадоў - лідар у рэгіёне па арганізацыі новых працоўных месцаў. І ўсё гэта дзякуючы правільнай маркетынгавай палітыцы. Тут наладжаны цесныя сувязі з вядучым сусветным канцэрнам па вытворчасці аўтамабіляў. У выніку электраправодку такіх аўтабрэндаў, як "Фольксваген" і "Шкода", якія рэалізуюцца на ўсходнеўрапейскім рынку, збіраюць менавіта ў Гродне. І з кожным годам вытворчасць толькі пашыраецца.

Стать супрацоўнікам такога прадпрыемства не так складана, як здаецца на першы погляд. Гродзенец Андрэй Сірчанка на вытворчасць прыйшоў з прыватнай кампаніі. Пасля звальнення доўга шукаў новае месца працы і выпадкова ўбачыў аб’яву аб наборы супрацоўнікаў на буйное прадпрыемства.

Перспектывы сапраўды нядрэнныя. Зараз вядуцца перамовы аб арганізацыі дадатковай вытворчасці на прадпрыемстве. А гэта значыць, што ўжо ў наступным годзе тут з’явяцца 110 новых вакансій.

А гэта дрэваапрацоўчае прадпрыемства ў адной з вёсак Шчучынскага раёна. Маштабы тут, вядома, не такія, як у абласным цэнтры, аднак дзясятак новых працоўных месцаў для невялікага населенага пункта - значная падтрымка. Пры гэтым арганізавана кампанія выключна на сродкі замежных інвестараў. А ўся прадукцыя накіроўваецца на экспарт. Ахвочых працаўладкавацца доўга чакаць не прыйшлося. Вытворчасць наладжана усяго некалькі тыдняў таму, і ў першы ж дзень быў поўнасцю набраны штат супрацоўнікаў.

У бліжэйшых планах дрэваапрацоўчай кампаніі значнае пашырэнне вытворчасці. Якаснай сыравіны хапае, яе пастаўляюць мясцовыя лясгасы. Таму на чарзе адкрыццё цэха па вытворчасці ўжо гатовай прадукцыі. А гэта яшчэ дзясяткі новых працоўных месцаў.

Дарэчы, менавіта на такія невялікія прыватныя прадпрыемствы ў рэгіёне робіцца акцэнт пры арганізацыі занятасці насельніцтва. Ствараюцца ўмовы для прыцягнення замежнага капіталу, арганізоўваюцца вытворчасці, арыентаваныя на экспарт.

Разам з тым свой уплыў на павелічэнне новых працоўных месцаў у Гродзенскай вобласці аказвае і турыстычная сфера. Пасля ўвядзення бязвізавага наведвання рэгіёна, хуткімі тэмпамі будуюцца новыя гасцініцы, рэстараны і кафэ. Што ў сваю чаргу павысіла попыт на аблсуговы персанал. На сённяшні дзень толькі ў Гродзенскім раёне створана больш за паўсотні такіх працоўных месцаў. І паводле прагнозаў спецыялістаў гэта лічба да канца года павінна значна павялічыцца.