Католікі ўсяго свету рыхтуюцца адзначыць Божае Нараджэнне

24 декабря 2016

Католікі ўсяго свету рыхтуюцца адзначыць Божае Нараджэнне - адно з самых галоўных хрысціянскіх святаў. Сёння вернікі збяруцца сем’ямі на ўрачыстай вячэры, якая называецца вігілія. А ў каталіцкіх храмах ужо гэтай ноччу пройдуць святочныя богаслужэнні. Па даўняй традыцыі, напярэдадні свята Божага Нараджэння распачаў сваю вандроўку па свеце Віфлеемскі агонь. Аб традыцыях Раства Хрыстовага ў  рэпартажы Вольгі Пілянчук.

Ля сцен Фарнага касцёла ў самым цэнтры Гродна разгарнуўся сапраўдны міні-тэатр, які паказвае біблейскі сюжэт пра з’яўленне Сына Божага на свет. Вулічная батлейка не толькі падтрымлівае атмасферу свята, але і дапамагае вернікам адчуць сябе ўдзельнікамі падзеі, што адбылася ў ноч на Раство.

Цікава, што фігуркі шопкі  - гэта копіі гістарычных статуэтак, якія дагэтуль захоўваюцца ў храме і якім больш за сто гадоў. У будучым ілюстрацыю біблейскага сюжэта плануюць дапоўніць пастушкамі, авечкамі і іншымі персанажамі.

Па даўняй традыцыі, напярэдадні свята Божага Нараджэння распачаў сваю вандроўку па свеце Віфліемскі агонь. У Беларусь агонь з Базілікі Раства Хрыстова - месца, дзе, паводле Бібліі, нованароджанаму Ісусу пакланіліся трое вешчуноў, прыбыў ужо сямнаццаты раз. У Гродзенскім касцёле Францыска Ксаверыя агонь будзе знаходзіцца да 6 студзеня. Увесь гэты час   запаліць віфлеемскую свечку можа кожны, хто жадае, незалежна ад канфесіі.

На працягу чатырох тыдняў католікі праз шчырую споведзь рыхтавалі свае сэрцы да аднаго з самых галоўных хрысціянскіх святаў. Сёння вернікі збяруцца сем’ямі на ўрачыстай вілігійнай вячэры.

Ужо гэтай ноччу ў каталіцкіх храмах пройдуць святочныя богаслужэнні, падчас якіх будуць ўспамінаць біблейскія падзеі, звязаныя з нараджэннем Ісуса. А заўтра ў каталіцкім календары распачнецца Калядная актава. На працягу васьмі дзён вернікі будуць праслаўляць Хрыста ва ўрачыстых набажэнствах, сустракацца з роднымі і блізкімі, адорваць іх падарункамі і   зычыць  дабра і шчасця.