Як ствараюцца музычныя інструменты ў мініяцюры

13 мая 2017

Раяль, гітара, скрыпка або кантрабас - на іх хоць і не атрымаецца сыграць актаву, але месца ў музеі гэтыя інструменты заслугоўваюць. Яны зроблены на ўроках працы вучнямі гомельскай школы і цалкам перадаюць прапорцыі арыгіналаў. Саступаюць толькі памерам.

Вольга Халадовіч ведае, як ствараюцца музычныя інструменты ў мініяцюры. На гэтых ўроках працы дзяўчынкі выпальваюць па дрэве і выпілоўваюць лобзікам нароўні з хлопчыкамі. І шкадуюць толькі пра адно - што такія заняткі ўсяго толькі раз на тыдзень.

Гэта не проста драўляныя вырабы - у кожным - часцінка душы. Настаўнік працы Юрый Букін сам захапляецца музыкай. І разам з вучнямі робіць музычныя інструменты ў мініяцюры.

Спачатку чарцяжы, потым дэталі. На кожным уроку настаўнік прапануе на выбар некалькі музычных інструментаў. Які з іх рабіць - вучні вырашаюць самі. У сілу сваіх музычных прыхільнасцяў.

Хтосьці вырабляе драўляны хэнд-мэйд для сябе, хтосьці - у падарунак родным і блізкім, а хто і пакідае свае вырабы на памяць настаўніку. У калекцыі Юрыя Букіна ўжо каля сотні экспанатаў.

Калі прапорцыі і дэталі музычных інструментаў захоўваюць з максімальнай дакладнасцю, то ў дэкоры абмежаванняў няма. Так і атрымліваюцца ружовы ў гарошак раяль альбо гітара з роспісам пад гжэль.

А яшчэ вучні са сваім настаўнікам - галоўныя дэкаратары ў школе. Усю атрыбутыку для конкурсаў і канцэртаў робяць сваімі рукамі. Жартуюць, хутка для яе спатрэбіцца цэлы музей. 



Зараз чытаюць