Як рэанімаваць землі былых торфараспрацовак, ведаюць эколагі Брэсцкай вобласці

17 июня 2017

У Баранавіцкім раёне дзяцей з асаблівасцямі развіцця лечаць пры дапамозе пэт-тэрапіі, для гэтага ў інтэрнаце створаны кантактны міні-заапарк. А ў Брэсце на пешаходнай вуліцы майстар-клас далі майстрыхі-вязальшчыцы. Далей - падрабязнасці.

Расказвае Вікторыя Патоня. Як рэанімаваць землі на былых торфараспрацоўках? Вырашэннем гэтага пытання займаюцца навукоўцы Палескага аграрна-экалагічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яны лічаць, што аптымальны варыянт - ствараць на месцах здабычы торфу рыбгасы. Эксперымент ужо рэалізуецца ў Брэсцкім раёне. Праўда, працэс аздараўлення тарфянікаў шматгадовы і даволі дарагі.

Балота Дзікое ў Белавежскай пушчы таксама чакае змяненняў. Хутка яно атрымае новы план упраўлення і бар’ер - размежаванне ад меліярацыі, паведамілі ў таварыстве "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Для біялагічнай разнастайнасці краіны гэта важная тэрыторыя. Тут жыве больш за 100 відаў птушак і насякомых, у тым ліку чырванакніжнікаў. Беларускія навукоўцы створаць новыя канцэпцыю і інжынерны праект для аднаўлення гідралагічнага рэжыму балота да 2018 года.

Дэкаратыўныя куры, фазаны, паўліны, трусы. Больш за дзесяць відаў жывёл і птушак пасяліліся на тэрыторыі Гарадзішчанскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Кантактны міні-заапарк, на думку спецыялістаў, - добрая форма так званай пэт-тэрапіі і рэабілітацыі выхаванцаў установы.

Незвычайная вулічная акцыя прайшла ў Брэсце. Аматары вязання паказалі майстар-клас на пешаходнай вуліцы Савецкай і ўпрыгожылі яе каляровымі вырабамі з нітак. Побач з пляцоўкай для вулічных музыкантаў з’явіўся яшчэ адзін арт-аб’ект. Удзельнікі акцыі прызналіся, што найперш ушанавалі даўняе рамяство - вязанне.