Якасць пітнай вады павінны палепшыць па ўсёй краіне да 2025 года

23 марта 2019

Гэта рэальна пры замене падземных сетак і правільнай ачыстцы. Сёлета ў Беларусі пабудуюць больш за 250 станцый абезжалезвання і задзейнічаюць артэзіянскія свідравіны. А ў сталічных раёнах Фрунзенскім і Маскоўскім пітная вада хутка пазбавіцца ад паху хлёркі. Маштабная рэканструкцыя закране і Мінскую ачышчальную станцыю. У няпростай формуле Н2О разбіралася Юлія Токар.

Ад паказчыкаў на экранах да практыкі. Першы этап ачысткі сцёкавых вод - гэта рашотка, адтуліны якой не прапускаюць бытавыя адыходы. І далей яшчэ пакуль мутныя струмені трапляюць у адкрытыя басейны. Як мы бачылі, пасля механічных і біялагічных этапаў ачысткі ўжо празрыстая вада трапляе ў Свіслач. І трэба сказаць, што ў сваіх гідрахімічных паказчыках яна не саступае рачной.

Але большасці гэтых будаўнічых канструкцый Мінскай ачышчальнай амаль паўстагоддзя - састарэлі. Рэканструкцыя дасць магчымасць не толькі палепшыць якасць ачысткі.

Кірыл Антонаў, намеснік кіраўніка групы рэалізацыі па тэхнічных пытаннях УП "Мінскводаканал": "Мы плануем значна палепшыць біялагічную сістэму ачысткі. Гэта дазволіць палепшыць паказчыкі па азоце і фосфары - менавіта тыя паказчыкі, ад якіх адбываецца так званае цвіценне вадаёмаў - бурнае развіццё сіне-зялёных водарасцяў".

Закрыюць пытанне і ўтылізацыі асадкаў - за суткі вывозяць да сямісот тон сухога глею. У спякоту гэтыя кар'еры на паўднёвым усходзе сталіцы псуюць паветра жыхарам навакольных вёсак. У перспектыве вырашылі спальваць. Але з адыходаў можна выносіць карысць - энергетычны патэнцыял. Вяртаць мінімум палову электраэнергіі, выдаткаванай на ўвесь працэс ачысткі.

Што ж да якасці пітнай вады, на характэрны смак часцей скардзяцца жыхары Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў: вада ў кватэры паступае з паверхневых крыніц. Шматдзетная маці Наталля Герман вось ужо пяць гадоў жыве ў Каменнай Горцы. Ёй даводзіцца шмат прыбіраць і мыць, і ад жорсткай вады сталы дыскамфорт рук, не кажучы пра пастаянны асадак на чайніку.

Спецыялісты абяцаюць, у сталіцы пітная вада зусім хутка пазбавіцца ад паху хлёркі. Вадкі хлор заменяць гіпахларытам натрыю. На ачышчальнай водаправоднай станцыі ўжо ідзе рэканструкцыя - завяршаюцца будаўніча-мантажныя работы.

Дзмітрый Давыдоўскі, інжынер-тэхнолаг ачышчальнай водаправоднай станцыі вытворчасці "Мінскводаправод" УП "Мінскводаканал": "Ужо закуплена ўсё абсталяванне. Гіпахларыт натрыю будзе наш беларускі. Плануюцца пастаўкі з хімічнага завода Беларуськалія. Гіпахларыт натрыю знізіць небяспеку з нашага аб'екта. І чакаецца ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах у зоне нашага ўплыву паляпшэнне органалептычных уласцівасцяў вады".

Каб у кожны дом трапляла якасная вада, за шэсць гадоў плануюць пабудаваць амаль паўтары тысячы станцый абезжалезвання, прабурыць артэзіянскія свідравіны па ўсёй краіне. Праект, вядома, патрабуе шмат выдаткаў, але ж і праблема досыць празрыстая для аператыўнага рашэння.