Якасна пашыць і заваяваць прыхільнасць спажыўцоў

11 июня 2016

Адзенне і абутак з Мінскай вобласці усё часцей становяцца брэндам не толькі на айчынным рынку, але і на замежных.

Напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў лёгкай прамысловасці Антаніна Станкевіч пабывала на вытворчасці і пераканалася: беларускае можа быць якасным, танным і модным.

Дызайнер-мадэльер Юлія Шчуко працуе пераважна з мужчынскімі калекцыямі - кажа, гэта больш складаная задача. Прыходзіцца дагаджаць і густам кансерватыўнай аўдыторыі - для іх аднатонныя строгія кашулі, і больш эпатажным людзям - у кожнай калекцыі есць даволі яркія мадэлі з незвычайнымі малюнкамі, прынтамі і фактурай. "Ствараць мужчынскую моду - гэта цэлая навука", - сцвярджае дызайнер.

Дырэктар швейнай фабрыкі не без гонару дэманструе прадукцыю свайго прадпрыемства. Пераважна гэта мужчынскія кашулі. Аднак некалькі гадоў таму пачалі адшываць яшчэ і касцюмы, штаны, курткі і паліто пад адзіным брэндам. Гэта цалкам еўрапейскі падыход.

Спалучэнне найноўшых тэхналогій і ручной працы, толькі самыя якасныя тканіны, еўрапейскія лякалы - дзякуючы такому падыходу канкурыруюць на дамашнім рынку з іншымі брэндамі і заваёўваюць пакупнікоў суседніх краін. Прадукцыю беларускіх фабрык ахвотна набываюць у суседніх Расіі і Казахстане. Многія партыі адшываюць і для замежных брэндаў.

Высокая якасць, вытанчаны дызайн і толькі натуральныя матэрыялы - на гэтых трох кітах будуе вытворчасць сваёй прадукцыі і Марына Шаміла разам са сваімі аднадумцамі. І, вядома ж, вялікая доля ручной працы. Абутак - галоўны складнік любога гардэробу.

У асноўным тут працуюць з індывідуальнымі заказчыкамі, а таксама з кінастудыямі, тэатрамі і моднымі дамамі па ўсім свеце. Нядаўна адкрылі і свой фірменны магазін. За спажыўца змагаюцца не толькі моднымі расфарбоўкамі і незвычайным дызайнам, але і высокай якасцю прадукцыі.

Не толькі якасна і прыгожа пашыць, але яшчэ і прадаць. Зараз айчынныя кампаніі актыўна распрацоўваюць свае брэнды, наладжваюць маркетынгавую работу, адкрываюць фірменныя магазіны па ўсёй краіне і за яе межамі. Такім чынам пераконваюць: беларускае - гэта значыць, якаснае, прымальнае па цане і моднае.