З беспрацоўных у прадпрымальнікі

3 декабря 2016

З пачатку года бязвыплатныя субсідыі на арганізацыю сваёй справы атрымалі больш за 200 беспрацоўных у Брэсцкай вобласці. Такі метад  працаўладкавання прадугледжаны дзяржаўнай праграмай па сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 годы.

Ужо год Алена Станавова - індывідуальны прадпрымальнік. Жанчына займаецца пракатам вясельных сукенак. Па адукацыі Алена - педагог. Аднак на момант звароту ў цэнтр занятасці падыходзячых вакансій не знайшлося. На біржы працы ёй прапанавалі адкрыць сваю справу. 

Дзяржаўная праграма “Аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва” дапамагае беспрацоўным у арганізацыі прадпрымальніцкай і рамесніцкай дзейнасці. Каб атрымаць фінансавую дапамогу, неабходна звярнуцца з бізнес-планам у мясцовыя органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Для тых, хто не мае вопыту ў напісанні адпаведнага дакумента, працуюць курсы па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці.

Жыхару Кобрына Максіму Чмялю толькі 18. Скончыў  прафесійнае вучылішча па спецыяльнасці сталяр. Цяпер вырашыў стаць рамеснікам.

Сёлета ў вобласці з дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на рэалізацыю падпраграмы  прадугледжана вылучыць больш за 5 мільёнаў рублёў. Зараз памер субсідыі складае амаль 2 тысячы рублёў, а для рэгіёнаў з высокім узроўнем беспрацоўя і для арганізацыі дзейнасці ў сельскай мясцовасці - больш як 2 з паловай тысячы.

Беспрацоўны, які атрымаў фінансавую падтрымку, на працягу трох месяцаў павінен даць справаздачу, куды выдзеліў грошы - інакш прыйдзецца вярнуць усю суму субсідыі і яшчэ заплаціць штраф.

 



Зараз чытаюць