Вынікі жніва традыцыйна падводзяцца падчас "Дажынак"

5 августа 2017

У самым паўночным рэгіёне краіны абласное свята працаўнікоў вёскі пройдзе ў Дуброўне. Райцэнтр рыхтуецца прыняць гасцей абноўленым.

Мая калега Марына Раманоўская пабывала ў Дуброўне і пераканалася: горад не пазнаць. Яшчэ зусім нядаўна гэта вялікая пляцоўка пуставала. У Дуброўне не сумняваюцца: месца чакала ўзвядзення менавіта дзіцячага гарадка. Яго ў райцэнтры не хапала. Пакуль пляцоўка ў распараджэнні будаўнікоў, але зусім хутка сучасныя міні-атракцыёны змогуць ацаніць маленькія жыхары.

Прыемна правесці сямейны адпачынак можна будзе і на цэнтральнай плошчы. Менавіта тут пройдуць асноўныя мерапрыемствы абласных "Дажынак". Да свята яе выгляд - абяцаюць будаўнікі - зменіцца да непазнавальнасці. Стары - не вельмі прывабны - фантан пасля рэканструкцыі стане сапраўдным упрыгажэннем цэнтра горада. Побач ужо пачалі ўсталёўваць сучасныя альтанкі.

Пакуль у райцэнтры не да адпачынку. Брыгады працуюць на розных аб’ектах па ўсім горадзе. Нягледзячы на канікулы, у сярэдняй школе № 1 шматлюдна. Праца кіпіць і на вуліцы, і ў самім будынку. Калісьці гэтую спартыўную залу настаўнікі называлі праблемнай. Зараз асацыяцыі іншыя. З кожным днём тут становіцца ўсё больш утульна. Яшчэ крыху - і новую падлогу на ўроках фізкультуры ацэняць дзеці.

Школьнікі ў прадчуванні: хутка згуляць у футбол можна будзе і на адноўленым школьным стадыёне. Дарэчы, мадэрнізацыя закранула і вялікі гарадскі. Тут ужо замянілі трыбуны.

Рамонт балконаў, фасадаў, даху. Вялікі аб’ём працы і ў жылым фондзе. У Дуброўне адрамантуюць тры дзясяткі шматкватэрных дамоў. Некаторыя з іх упрыгожылі элементамі беларускага арнаменту. Поўную карціну сумеснай працы жыхары і госці райцэнтра убачаць падчас "Дажынак".




Зараз чытаюць