Гісторыя з Сярэднявечча

15 июля 2017

Гамяльчанін Іван Васіленка вось ужо шэсць гадоў вырабляе лукі. Гэтым рамяством мужчына захапіўся выпадкова, але затое цяпер яго лукі дапамагаюць выйграваць спартыўныя спаборніцтвы, служаць упрыгожваннем камінных залаў і дапамагаюць рэканструктарам пагрузіцца ў эпоху даўніны.

Як з кавалка дрэва і скруткі вяроўкі зрабіць твор сярэднявечнага мастацтва, даведалася Вольга Халадовіч. Амаль за сем гадоў Іван Васіленка вырабіў ужо каля двух сотняў самых розных лукаў. Гэта карпатлівая і адказная праца. На выраб аднаго лука патрэбна каля месяца. Галоўнае, каб ён быў надзейным, хуткім і магутным. Для гэтага ўвагі патрабуе кожная дэталь.

Дрэва для лукаў і стрэл, кажа майстар, падыходзіць самае рознае. Ад яблыні і ясеня да экзатычнай бубінгі з Афрыкі. Сярод заказчыкаў – спартсмены, удзельнікі клубаў рэканструкцыі і проста аматары стральбы.

Калі раней мастацтва стральбы з лука было незаменным у паляванні або ў бітве, то зараз гэта папулярны від спорту. Ці забава не для слабакоў. Нацягнуць цеціву і трапіць стралой у мішэнь - гэта толькі на першы погляд проста.

У адрозненні ад маёй не зусім удалай спробы ў Івана, наадварот, усе стрэлы пападаюць у цэль. Ён не толькі вырабляе лукі і стрэлы, але і сам удзельнічае ў розных спаборніцтвах. На яго рахунку ёсць нават афіцыйны рэкорд.

Да наступнага турніру застаецца прыкладна месяц, таму зараз у Івана час актыўных трэніровак. Каб усталяваны рэкорд па-ранейшаму заставаўся за нашай краінай.