Інвестпраект па выпуску кардона ажыццяўляецца ў Добрушы

4 июня 2016

Кардон, які па якасці не мае аналагаў не толькі ў Беларусі, але і ў СНД, пачнуць выпускаць у Добрушы. Інвестпраект ажыццяўляюць за кошт кітайскага крэдыту на базе папяровай фабрыкі. У Добрушы пабываў наш карэспандэнт Яўген Пабалавец.

Амаль 2 тысячы спецыялістаў, звыш 300 тысяч квадратных метраў і крэдыт 350 мільёнаў долараў - так будуецца камбінат мелаванага і немелаванага кардону ў Добрушы. Абсталяванне з Кітая па ліцэнзіях перадавых аўстрыйскай і французскай кампаній. Завод - гэта амаль 600 новых працоўных месцаў. Зараз будучыя работнікі вывучаюць аналагічнае абсталяванне ў Паднябеснай. Там даўно ўжо працуюць 5 такіх вытворчасцяў.

Зараз аб’ект пабудаваны на 80 %. Усе работы плануюць завяршыць восенню. Выхад на поўную магутнасць праекта - адзін год. Асноўны від вытворчасці - трохслойны кардон. Ён выкарыстоўваецца для пакавання харчовых прадуктаў, лекаў і для высакаякаснай паліграфіі.

Вось гэта самае сучаснае абсталяванне па вытворчасці кардону. На ім будуць атрымліваць мелаваны і немелаваны кардон, які на постсавецкай прасторы не вырабляецца. Першую партыю прадукцыі тут плануюць атрымаць ужо напрыканцы гэтага года.

Сучасная якасная прадукцыя, амаль поўнасцю аўтаматызаваны працэс вытворчасці - усё гэта, як лічаць спецыялісты, дазволіць не толькі замяніць імпартныя аналагі на ўнутраным рынку, але і паспяхова рэалізоўваць прадукцыю за мяжой.

У 2015 годзе аб’ём інвестыцый у эканоміку Гомельскай вобласці склаў амаль 40 трыльёнаў рублёў. Гэта каля 20 % ад агульнага аб’ёму па краіне. 200 мільярдаў рублёў - прамыя замежныя інвестыцыі. Плануецца, што з адкрыццём новага прадпрыемства ў Добрушы падатковыя адлічэнні ў бюджэт раёна павялічацца як мінімум на 200 %.