Цiкавыя падзеi тыдня з Гомельскай вобласцi

23 сентября 2017

Якi прагноз гомельскіх аграрыяў на ўраджай кукурузы, эксперымент па барацьбе з жуком-караедам у Мазырскім раёне, як гомельскi ратавальнiк стаў мастаком? Цiкавыя падзеi тыдня з Гомельскай вобласцi - у аглядзе Вольгi Халадовiч.

Гаспадаркі Гомельскай вобласці пачалІ ўборку кукурузы на зерне. Сярэдняя ўраджайнасць амаль 70 цэнтнераў з гектара. Сёлетні ўраджай дазволіць цалкам забяспечыць патрэбнасці рэгіёна ў кармах. А ўсяго неабходна ўбраць плошчу ў 55 тысяч гектараў. У агракамбінаце “Холмеч”, напрыклад, плануюць атрымаць каля 6 тысяч тон кукурузнага зерня. Гэта амаль у тры разы больш, чым у мінулым годзе.

Мазырскія лясы сталі палігонам для навуковага эксперымента па барацьбе з жуком-караедам. Каб перамагчы шкоднае насякомае, на дрэвы з паветра распыляюць спецыяльнае рэчыва - канцэнтрат эмульсіі акафіту. У Мазырскім лясгасе для гэтага выбралі тэрыторыю ў 60 гектараў. Запланаваны тры палёты. Калі эксперымент будзе эфектыўным, гэтыя мерапрыемствы паўтораць.

У Гомельскай вобласці сёлета супраць грыпу плануецца прышчапіць больш за 500 тысяч чалавек. Гэта 40 % ад агульнай колькасці насельніцтва рэгіёна. Вакцыны, набытыя за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, ужо дастаўлены ў медустановы вобласці. У першую чаргу яны разлічаны на тых, хто ўваходзіць у групу рызыкі. Гэта людзі з хранічнымі захворваннямі эндакрыннай, імуннай і сардэчна-сасудзістай сістэм, дзеці і грамадзяне старэйшыя за 65 гадоў. Зрабіць прышчэпку супраць грыпу можна будзе з 1 кастрычніка.

Гісторыя гомельскай выратавальнай службы ў графіці. Старшы пажарны аварыйна-выратавальнай часці № 2 Юрый Лупіненка на некалькі дзён ператварыўся ў мастака. На сямі пано – старонкі гісторыі аварыйна-выратавальнай часці, якая, па некаторых звестках, існавала яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Маляваў Юрый Лупіненка па фотаздымках ваенных часоў, а таксама з натуры. Некаторыя будынкі ў Гомелі захаваліся да гэтага часу.

На пано знайшлося месца і для сацыяльнай рэкламы - гэта спасылка на аднайменны мабільны дадатак міністэрства з інфармацыяй пра тое, як паводзіць сябе ў надзвычайных сітуацыях.