Цікавыя падзеі Гомельскага рэгіёна

16 декабря 2017

У Гомелі прайшоў майстар-клас па варкаўце і адкрыты дыялог - як прыцягнуць да заняткаў спортам моладзь. 100-гадовы юбілей рыхтуюцца адзначаць ЗАГСы. 17 львоў і аднаго тыгра даставілі ў Гомель. Драпежнікі стануць галоўнымі героямі навагодняга прадстаўлення ў мясцовым цырку. Расказвае Вольга Халадовіч.

Майстар-клас па варкаўце, аўтографы ад вядомых спартсменаў і адкрыты ўрок у тата-зале. Аб гэтым ішла размова падчас “Адкрытага дыялогу” ў Гомелі. Адна з ініцыятыў - стварэнне тата-залаў па ўсёй краіне. Гэты праект з’явіўся ў Гомелі, дзякуючы Савету бацькоў горада і ўжо набыў папулярнасць. Месцы, дзе бацькі могуць з карысцю бавіць час разам са сваімі дзецьмі, павінны быць не толькі ў абласным цэнтры. Да таго ж развіццё такога руху падтрымліваюць у Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі.

Праект “Адкрыты дыялог” набыў маштаб сапраўднага грамадскага руху. Акцыі ў фармаце дэбатаў праходзяць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Залатым вяселлем Гомельскі дом грамадзянскіх абрадаў пачаў мерапрыемствы да 100-годдзя органаў ЗАГС нашай краіны. Мікалай і Надзея Якубовічы пазнаёміліся на працы. Разам удзельнічалі ў культурным і спартыўным жыцці свайго прадпрыемства. А ў 1967-м годзе пажаніліся. Галоўным сакрэтам свайго сямейнага шчасця муж і жонка лічаць любоў, павагу і цярпенне. А галоўным скарбам - дваіх дзяцей і ўнукаў, а таксама траіх праўнукаў.

Таксама з нагоды 100-годдзя органаў ЗАГС у Гомелі прайшоў урачысты сход. А на працягу года ва ўсіх установах рэгіёна віншавалі кожнага сотага, хто звярнуўся па рэгістрацыю акта грамадзянскага стану.

У Гомель даставілі галоўных герояў навагодняга цыркавога прадстаўлення. 17 львоў і тыгр прымуць удзел у шоу “Дзед Мароз і львы Афрыкі”. Іх дрэсіроўшчык - Хамада Кута - заслужаны артыст Егіпта, акадэмік цыркавога мастацтва Расіі і герой Кнігі рэкордаў Гінэса - як самы юны дрэсіроўшчык у свеце. Упершыню ў клетку з ільвамі Хамада увайшоў у два гады, а дрэсурай драпежнікаў пачаў займацца ў сем гадоў.

Разам з жывёламі ў Гомель даставілі і вялікую колькасць рэквізіту. Для драпежнікаў будзе сканструявана спецыяльная клетка, у якую Хамада Кута і зойдзе на вачах у гледачоў.